Паўла Вінаградава арыштавалі на 15 сутак і аштрафавалі

Суд Маскоўскага раёну сталіцы 12 верасня арыштаваў на 15 сутак актывіста моладзевай ініцыятывы «Змена» Паўла Вінаградава за брыдкаслоўе.



vinahradau3.jpg

Таксама яго пакаралі штрафам у паўтара мільёна рублёў за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду і штрафам у 450 тысяч рублёў за распіванне спіртных напояў у грамадскім месцы.
Паводле сведак-міліцыянтаў Канцавога і Вярбіцкага, Павал нібыта 11 верасня піў піва на стадыёне каля пастарунку. Але вядома, што 11 верасня ён цягам дня знаходзіўся ў пастарунку. Аднак і тут суддзя Тацяна Матыль прызнала яго вінаватым. Павал заяўляў адвод суддзі, аднак яна яго адхіліла.
Актывіст прызнаў сябе вінаватым толькі ў парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду: калі да яго прыйшлі з праверкай міліцыянты, ён выйшаў з дому.
11 верасня раніцай Павал пайшоў у пастарунак, каб адзначыцца згодна з умовамі прэвентыўнага нагляду. Аднак дахаты ён ужо не вярнуўся.
Былы палітвязень Павал Вінаградаў — рэкардсмен па адвольных затрыманнях. У сакавіку ён быў асуджаны на 25 сутак арышту і трымаў галадоўку.
У жніўні Вінаградава арыштавалі на 10 сутак. Ён апавёў, што гэта яго 16-я адміністрацыйная справа, і з гэтага ліку 9 былі па абвінавачанні ў лаянцы.
svaboda.org