Віктара Шалкевіча звальняюць з Гродзенскага абласнога тэатру лялек?
Ён дазволіў сабе вальнадумства на канцэрце, якое не спадабалася гродзенскім ідэолагам і кіраўніцтву, паведамляе "Польскае радыё".
Віктар Шалкевіч на канцэрце Фота commons.wikimedia.org/Serge Serebro/CC BY-SA 3.0
Гродзенскі актор, паэт, бард і шоўмен Віктар Шалкевіч звольнены з Гродзенскага абласнога тэатру лялек, дзе быў адным з вядучых актораў. Пра гэта паведаміла на сваім профілі ў адной з сацыяльных сетак «Гарадзенская бібліятэка».
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Шалкевіч дазволіў сабе вальнадумства са сцэны на канцэрце ў Горадні 10 чэрвеня, якое не спадабалася гродзенскім ідэолагам і кіраўніцтву.
Аднак у Гродзенскім абласным тэатры лялек, дзе Шалкевіч працуе з 1990 года, інфармацыю пра звальненне абверглі, адзначае "Наша Ніва".
«Віктар неўзабаве ідзе ў адпачынак, бо ў яго запланаваныя свае выступы, але з верасня працягне працу ў тэатры», — запэўніла Марыя Шабашова, дырэктарка тэатра.
Яна падкрэсліла, што чуткі пра звальненне — гэта толькі чуткі.
Сам Віктар Шалкеівч пракаментаваў сітуацыю так: «Я пакуль у адпачынку, а далей будзе бачна. Ва ўсякім выпадку, кантракт у мяне да наступнага года».

Чытайце таксама
Віктар Шалкевіч: інтэлектуал з гітарай
Віктар Шалкевіч нарадзіўся 9 лютага 1959 года ў Поразаве Гродзенскай вобласці.
Скончыў школу ў Поразаве, затым Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут у Мінску (у 1980 годзе). Працаваў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры (1980–1987), выкладчыкам у Гродзенскім культасьветвучылішчы (1987–1990). З 1990 года працаваў у тэатры лялек у горадзе на Нёмане.