Вячаслава Сіўчыка не могуць асудзіць ужо сёмы раз

Сёння, 21 студзеня, у судзе Партызанскага раёна г. Мінска прызначаны два суды над палітыкам, лідарам руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам. Яго, як і многіх іншых актывістаў, судзяць за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй.

mityng_29.12.19_2.jpg

Судовыя працэсы паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП прызначаныя на 9:30 і 10:00 пад старшынствам розных суддзяў: Анатоля Барысёнка і Наталлі Дзядковай.
На першы судовы працэс, як і на папярэднія над ім, ён не з'явіўся. Але прыйшлі два сведкі-міліцыянты. Адзін з іх — супрацоўнік АМАПу Шайко, які нібы ажыццяўляў ахову акцыі 20 студзеня. На падставе таго, што ў суд не з'явілася асоба, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, суддзя Анатоль Барысёнак абвясціў перапынак да 9:30 28 студзеня.
Суд, які мусіў адбыцца ў 10:00 таксама перанеслі. Сакратарка абвясціла, што на падставе таго, што Вячаслаў Сіўчык знаходзіцца за мяжой, судовае разбіральніцтва па ч.3 арт. 23.34 КаАП пераносіцца на 9:30 29 студзеня.
Нагадаем, учора, 20 студзеня мусіў быць суд над Сіўчыкам таксама ў судзе Партызанскага раёна, але судовы працэс таксама перанеслі з-за адсутнасцю палітыка. Праваабаронцам "Вясны" вядомы не менш сямі разоў пераносу судоў над Вячаславам Сіўчыкам на падставе таго, што ён адсутнічае (знаходзіцца за мяжой).
На аплату штрафаў і «сутак» актывістам кампанія #BY_help сабрала звыш 20 тысячаў даляраў.
spring96.org