Веды для дарослых — па-за законам?
У Мінску абмеркавалі перспектывы развіцця нефармальнай і дадатковай адукацыі.
Фота з сайта eurobelarus.info
Азначэнне “нефармальная адукацыя” не сфармулявана ў нацыянальным беларускім заканадаўстве, разам з тым тэрмін “дадатковая адукацыя” выкарыстоўваецца. Аднак у беларускай рэчаіснасці пытанні ў гэтай сферы, у тым ліку заканадаўчыя, узнікаюць ужо пачынаючы з базавага канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне ведаў на роднай мове.
Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Йаханэса Рау, дзе прайшоў круглы стол “Развіццё сферы нефармальнай і дадатковай адукацыі ў Беларусі: магчымасці Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы”. На ім, у прыватнасці, былі прадстаўлены вынікі праекта "Паляпшэнне якасці праграм нефармальнай і дадатковай адукацыі Асацыяцыі дадатковай адукацыі і асветы", які АДАіА рэалізавала ў 2015—16 годзе пры падтрымцы фонду Еўразіі.
Праект прэзентаваў выканаўчы дырэктар Асацыяцыі Андрэй Ляўко, які распавёў, што задачамі праграмы былі прасоўванне сферы нефармальнай і дадатковай адукацыі дарослых, а таксама ўмацаванне патэнцыялу арганізацый, што працуюць у гэтай галіне.
За дзевяць месяцаў рэалізацыі праекта былі распрацаваны стандарты якасці адукацыйных праграм, праведзена вялікая інфармацыйная праца, на сайце АДАіА адкрыты модуль дыстанцыйнай адукацыі MOODLE, праведзены кансультацыі, семінары, нават конкурс эсэ па адукацыйным праве. Але, бадай, самае галоўнае — у Мінадукацыі прадстаўлены прапановы па ўдасканаленні беларускага заканадаўства ў галіне дадатковай адукацыі.
“Гэтыя прапановы датычыліся, у першую чаргу, унясення змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі, — распавёў юрыст АДАіА Аляксандр Жук. — Сутнасць зводзілася да таго, каб прадаставіць больш шырокія магчымасці для правайдараў (арганізатараў. — “ЕўраБеларусь”) нефармальнай адукацыі дарослых. У прыватнасці, зрабіць адкрытым пералік форм і відаў дадатковай адукацыі дарослых, бо ў цяперашні момант гэты пералік у Кодэксе з’яўляецца вычарпальным і выпадаюць многія пазіцыі”.
Другая прапанова заключалася ў адкрыцці спісаў суб’ектаў, якія могуць прадастаўляць адукацыйныя паслугі.
“Цяпер у Кодэксе пяць відаў устаноў, якім прадастаўлена права аказваць такія паслугі, мы прапанавалі гэты пералік зрабіць адкрытым. Дэ-факта ўжо дзейнічаюць прыватныя ўстановы адукацыі, ці ўстановы адукацыі дарослых, але ў Кодэксе яны не ўказаны”, — адзначыў юрыст.
Адной з асноўных прапаноў стала таксама ўнясенне карэкціроўкі азначэння “дадатковая адукацыя дарослых”, бо, на погляд членаў Асацыяцыі, існуючы тэрмін няўдалы.
Апроч канкрэтных прапаноў па ўнясённі зменаў у заканадаўства, было ініцыявана стварэнне грамадскай кансультатыўнай рады пра Міністэрстве адукацыі.
Падчас рэалізацыі праекта юрыст таксама займаўся кансультаваннем па непасрэднай адукацыйнай дзейнасці (у прыватнасці, заключэнні дамоў на аказанне паслуг, у тым ліку платных паслуг некамерцыйнымі арганізацыямі).
Член Рады АДАіА Віталь Нікановіч прэзентаваў партал дыстанцыйнага навучання, на якім выкарыстоўваецца платформа MOODLE. Тут ужо створана некалькі адукацыйных курсаў.
“Партал яшчэ не гатовы цалкам, але ім ужо можна карыстацца. Мы разлічваем, што гэта будзе адна з бясплатных паслуг для арганізацый-членаў Асацыяцыі”, — сказаў Віталь Нікановіч.
Як ужо адзначалася, распрацаваны набор стандартаў праграм НФА, які паспрабавалі прадыягнаставаць на круглым стале падчас працы ў групах.
Вынікі праекта ў далейшым збіраюцца выкарыстоўваць у новым праекце, які стартаваў у гэтым месяцы і працягнецца да 2019 года — “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Ён накіраваны на дапамогу рэалізацыі права на адукацыю цягам усяго жыцця, а таксама на грамадзянскі ўдзел. Умоўна ён мае дзве мэтавыя групы: некамерцыйныя арганізацыі і прадстаўнікі адукацыйных ініцыятыў і сацыяльна неабароненыя групы насельніцтва. У межах праграмы запланаваны шэраг сустрэч, школ, стажыровак, конкурсаў, семінараў (у тым ліку замежных). Плануецца таксама стварыць сетку арганізацый дадатковай адукацыі і асветы. Будуць створаны рэгіянальныя рэсурсныя цэнтры ў Гомелі, Гродна і Віцебску.
“Яшчэ адно маштабнае мерапрыемства адбудзецца 6 — 9 ліпеня. Гэта Шосты фестываль нефармальнай адукацыі, — анансавала менеджар праекта АДАіА Кацярына Мікачова. — Сёлета плануецца 200 удзельнікаў фестывалю, 10 міжнародных экспертаў з Германіі, Украіны, Малдовы і краін Балтыйскага рэгіёна, мерапрыемства будзе праходзіць у трохдзённым фармаце”.
Яўгенія Бурштын, eurobelarus.info