Веру Адамовіч пахавалі ў пасёлку Глуша

У аўторак, 11 лютага, на могілках гарадскога пасёлку Глуша, што на Бабруйшчыне Магілёўскае вобласці, пахавалі Веру Адамовіч — жонку класіка беларускай літаратуры Алеся Адамовіча. Вера Сямёнаўна адыйшла ў лепшы свет 9 лютага на 85-м годзе жыцця.



adamovic_viera_aliesj_natallia.jpg

Алесь Адамовіч, дачка Наталля і жонка Вера Сямёнаўна. Фота Магілёўскай абласной бібліятэкі

Яна — цудоўны філолаг і знаўца кніжных справаў — была сапраўднай паплечніцаю свайго славутага мужа. Вера Сямёнаўна апрацоўвала шматлікія ягоныя гуказапісы ў друкаваны варыянт, усялякім іншым чынам дапамагала і падтрымлівала Алеся Міхайлавіча.

Раніцай у аўторак з нябожчыцай прыйшлі развітацца самыя блізкія сябры сям’і Адамовічаў. У невялічкай кватэрцы непадалёк Батанічнага саду ў Мінску можна было заўважыць жонку яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава Ірыну Міхайлаўну, знакамітага фатографа Яўгена Коктыша, паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, літаратуразнаўцу Міхася Тычыну ды некаторых іншых. Аб 11-й гадзіне з кватэры вынеслі труну, і катафалк накіраваўся ў Глушу, дзе Вера Сямёнаўна знайшла свой апошні прытулак побач з мужам Алесем.  

Вера Сямёнаўна перажыла Алеся Міхайлавіча крыху больш як на дваццаць гадоў. Зямны ёй паклон і валадарства Нябёснае.

“Новы Час” выказвае шчырыя спачуванні дачцэ Веры Сямёнаўны Наталлі Аляксандраўне Адамовіч, іншым сваякам і блізкім памерлай.