Вольга Хіжынкова: Я не хачу з'язджаць з гэтай краіны

20 снежня Вольга Хіжынкова выйшла на волю пасля 42 сутак. Яна была затрыманая яшчэ 8 лістапада, яе судзілі па трох эпізодах удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Адразу пасля вызвалення з ёй паразмаўляла Аляксандра Квіткевіч, якая раней правяла з ёй 10 дзён у адной камеры і распавяла пра жудасныя ўмовы яе ўтрымання.

olga_khizhinkova_20201220_d_tutby_phsl_8142.jpg


—  Раскажы, як ты сябе адчуваеш?
— Добра, цяпер вельмі добра, я сярод маіх сяброў. Я не падазравала, што ў мяне іх так шмат (смяецца).
— Як прайшлі апошнія тры тыдні?
— Я знаходзілася ў камеры з дзяўчынкамі, якія сядзелі па маім артыкуле, пасля твайго сыходу да нас падсялілі расіянку, якую судзілі за сторыз у Instagram. Ёй далі 15 сутак (Гаворка пра расіянку, якая дзялілася відэа аб сілавіках у Instagram. — заўв.TUT.BY). тыдзень таму ў нас у камеры адключылі ацяпленне, а ў камеры ў нас увесь час дула з акна. Нам паправілі кран і ўнітаз, а потым забралі матрацы, нічым гэта не патлумачыўшы.
Мы спалі на падлозе, мы слалі на яе коўдры і захутваліся ў вопратку. На мне было дзве майкі, два гольфы, тры байкі — усё, што было. У адной жанчыны з-за гэтага пачаўся цыстыт.
— Як табе патлумачылі твой раптоўны перавод у Жодзіна (нагадаем, Вольга практычна ўвесь тэрмін знаходзілася на Акрэсціна, а за пару дзён да вызвалення яе прывезлі ў Жодзіна)?
— Ніяк, проста перавезлі. У параўнанні з Акрэсціна Жодзіна мяне прыемна здзівіла. Зразумела, што на двух гэтых аб'ектах аднолькава строгія правілы, розніца толькі ў тым, што калі ў Жодзіне ты не будзеш іх парушаць, цябе не будуць тузаць, крыўдзіць.
— Не збіраешся з'язджаць з краіны?
— Я не хачу. Я хачу тут жыць, у мяне тут шмат сяброў, я нават не ўяўляла, наколькі шмат. Я нават не думаю пра гэта, я люблю сваю краіну, хачу тут жыць і працаваць.
Паводле tut.by