Вольга Маёрава і Дзяніс Урад: яшчэ два палітвязні ў Беларусі
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух чалавек — Вольгу Маёраву і Дзяніса Урада.
Актывістку Маёраву затрымалі ў студзені гэтага года. Яна абвінавачваецца па артыкуле 289 КК («Акт тэрарызму»). Як вынікае з інфармацыі, паказанай на беларускім тэлебачанні, яна адміністравала сацыяльныя сеткі Мікалая Аўтуховіча, таксама абвінавачанага ў тэрарызме. Маёрава была ўнесеная КДБ у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, паведамляе REFORM.by са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».
Капітан Дзяніс Урад быў затрыманы ў сакавіку і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. Як паведамілі ў фільме «Манкурты» на АНТ, ён, знаходзячыся на дзяжурстве ў Генштабе сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад кіраўніка МУС міністру абароны аб уцягванні вайскоўцаў Узброеных Сіл у «дзейнасць па падтрыманні правапарадку» і накіраваў копію тэлеграм-каналу.
Праваабаронцы лічаць арышт і ўтрыманне пад вартай Маёравай і Урада парушэннем палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, патрабуюць вызваліць іх і спыніць крымінальны пераслед.