Выхаванцы дзіцячага дому зрабілі мультфільм на беларускай мове
У Гомельскім дзіцячым доме сіроты стварылі анімацыйны фільм паводле народнае казкі. Удзельнікі незалежнай валанцёрскай ініцыятывы заахвоцілі гадаванцаў гэтай установы стварыць сапраўдны беларускамоўны мультфільм.
З дапамогаю алоўкаў і фарбаў дзеці самастойна перастварылі ў анімацыйным фармаце беларускую народную казку «З рога ўсяго многа».
Падчас працы над мультфільмам дзеці малявалі тое, як яны бачаць казачных персанажаў, а пасля кожны малюнак ажыў дзякуючы мантажу.
Ідэя стварэння «Майстэрні дзіцячай анімацыі» належыць Сержуку Кузняцову. Задума скіраваная на тое, каб развіваць у дзяцей творчы пачатак і даваць ім магчымасць самавыяўляцца. Апрача
гэтага, праект мае на мэце спрыянне беларускай культуры, вяртанне да яе вытокаў і папулярызацыю беларускае народнае творчасці.
belsat.eu