Выданне «Першы рэгіён» паведаміла аб праблемах з доступам да сайта ў Беларусі

Увечары 31 снежня медыяпартал «Першы рэгіён», які асвятляе навіны Брэстчыны, паведаміў аб праблемах з доступам да свайго сайта на тэрыторыі Беларусі.

i_10.jpg


«Пакуль невядома, па чыёй камандзе, але да завяршэння 31 снежня 2021 года "добразычліўцы" павіншавалі "Першы рэгіён" і заблакавалі сайт, — паведамляецца на сайце партала. — "Белтэлекам" і "life:)" ужо блакуюць, астатнія правайдары, верагодна, будуць імкнуцца найбліжэйшым часам абмежаваць доступ».
Прычын блакавання доступу да сайта яго прадстаўнікі не ведаюць, бо аніякіх апавяшчэнняў пакуль не атрымлівалі. Дзяржаўныя органы не распаўсюджвалі інфармацыю пра абмежаванне доступу да сайта 1reg.by.
У ліпені 2021 года рэдактара сайта «Першы рэгіён» Алега Супрунюкапакаралі штрафам за публікацыю фота інваліда Уладзіміра Гундара ў кашулі з арнаментам, абвінаваціўшы яго ў «распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У жніўні гэтага года журналіста сайта «Першы рэгіён» Сяргея Гардзіевіча пакаралі 1,5 гадамі калоніі за «абразу Лукашэнкі».