«Выходжу на вуліцу, каб не сорамна было глядзець сыну ў вочы»

«Каб не было сорамна глядзець у вочы сыну выйшла на марш супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў». Так патлумачыла карэспандэнту «Новага Часу» свой удзел у акцыі пратэсту 11 кастрычніка ў Кобрыне гараджанка Вольга Савіч.

kobryn_sudy_1_logo.jpg


За ўдзел у маршы суддзя Вадзім Здановіч 20 кастрычніка аштрафаваў Вольгу Савіч на 10 базавых велічынь.
Па адукацыі Вольга эканаміст, зараз даглядае інваліда I групы, жыве разам з маці і 14-гадовым сынам – вучнем Кобрынскай гімназіі. «Яму хутка ісці галасаваць і я не жадаю, каб сын апынуўся на Акрэсціна. Таму і выйшла на марш, пасля якога вярнулася дахаты з спакойнай душою», — падкрэсліла жанчына.
Яе погляды падзяляюць сваякі і сябры. Вольга Савіч пажадала суайчыннікам не маўчаць, прылюдна адстойваць сваю пазіцыю і верыць у перамогу дабра над злом. «Сама я ўсёй душою веру ў лепшую будучыню Бацькаўшчыны, у беларусаў і нашую салідарнасць», — зазначыла яна.  

Вольга Савіч

Вольга Савіч

За ўдзел у маршы 11 кастрычніка суддзя Аляксей Кміта 19 кастрычніка аштрафаваў пяць чалавек на 10 базавых велічынь кожнага.
Сярод іх — беспрацоўны Алесь Лазарчук (двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання Кобрынскага РАУС, 20 кастрычніка суддзя Вадзім Здановіч паўторна аштрафаваў яго на 10 базавых велічынь за шэсце 27 верасня); слесар Кобрынскага жылкамунгасу Аляксей Ананчук (трое сутак у ІЧУ) і настаўнік фізкультуры мясцовай гімназіі Павел Андрэюк (суткі ў ІЧУ).
Суддзя Аляксей Кміта 19 кастрычніка пакараў штрафам у 10 базавых велічынь за ўдзел у маршы 11 кастрычніка настаўніцу беларускай мовы і літаратуры СШ N8 Людмілу Кірылюк і яе сына, студэнта III курса факультэта замежных моваў Берасцейскага дзяржуніверсітэта імя Аляксандра Пушкіна Рамана Кірылюка.
На судзе маці і сын трымалі сябе вельмі годна. Хоць пад час маршу спадарыня Людміла аніякія лозунгі не выгуквала, аднак лічыць покліч «Жыве Беларусь» аўтарства Янкі Купалы самым патрыятычным, бо калі яго адкінуць, трэба вырачыся ўсёй паэзіі Песняра беларускага нацыянальнага Адраджэння. На судзе настаўніца, між іншым, заўважыла, што не магла абыякава глядзець, як міліцыянты затрымлівалі дзяўчыну і цягнулі яе ў аўтазак.
Раман Кірылюк у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні пазначыў: сваім удзелам у шэсці выступіў супраць гвалту, што ўжывецца па загаду Аляксандра Лукашэнкі, які незаконна ўтрымлівае ўладу. Апроч таго, студэнт адмовіўся адказваць на пытанні суддзі.

 Раман Дзмітрук (на першай лаве) на судзе 22 кастрычніка

 Раман Дзмітрук (на першай лаве) на судзе 22 кастрычніка


За ўдзел у маршы 11 кастрычніка суддзя Алесь Бабаскін 20 кастрычніка прысудзіў штраф у 10 базавых велічынь прадпрымальніцы Вікторыі Брыштэн, а 22 кастрычніка суддзя Вадзім Здановіч прысудзіў маці трох няпоўнагадовых дзяцей, фатографу Юліяне Лукашук штраф 10 базавых велічынь, бізнесоўцу Раману Суботку — 20 базавых велічынь і юрысконсульту Раману Дзмітруку 7 сутак арышту.  
Дарэчы, Раман Дзмітрук адмовіўся прызнаваць сваю віну, бо, паводле яго, па абеду 11 кастрычніка гуляў па гораду з сваімі малодшымі дзецьмі ва ўросце 7 і 12 год.