Выйшаў на волю фігурант справы аб масавых беспарадках Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў, фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, выйшоў на волю з арыштнага дома следчага ізалятара № 1 у Баранавічах. Паводле слоў журналіста Сяргея Сыса, які сустракаў вызваленага ў Баранавічах, Парфянкова выпусцілі роўна ў 11.00.



parfenkov2_245.jpg

"Васіля сустракала вельмі шмат людзей — журналісты, сябры. У яго бяруць інтэрв`ю, з ім абдымаюцца, фатаграфуюцца. Сустрэча атрымалася годная. Найперш яго трэба пакарміць, потым павязём у Мінск", — сказаў Сыс.


Васіль Парфянкоў быў першым, каго асудзілі па справе аб падзеях 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгаварыў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў павінен быў выплаціць больш за 14 млн. рублёў за пабітае шкло дзвярэй у Доме ўрада падчас несанкцыянаванай акцыі апазіцыі.


Асуджаны адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі, але ў жніўні 2011 года быў памілаваны ўказам прэзідэнта. 5 студзеня 2012 года ў дачыненні да Парфянкова быў устаноўлены прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска ўзбудзіў у дачыненні да яго новую крымінальную справу — за парушэннн ўмоў прафілактычнага нагляду. Паводле версіі праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду, у прыватнасці адсутнічаў па месцы жыхарства без уважлівых прычын, за што двойчы на працягу года меў адміністрацыйнае спагнанне.


Парфянкоў растлумачыў, што выходзіў у магазін на некалькі хвілін, каб купіць прадукты. "Сам прэвентыўны нагляд, лічу, быў усталяваны нада мной, каб абмежаваць мой удзел у грамадскай дзейнасці. Не лічу, што, калі я выйшаў у краму, то ўчыніў злачынства", — заявіў ён.


29 мая 2012 года суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да шасці месяцаў арышту. 24 ліпеня таго ж года Мінскі гарадскі суд пакінуў прыгавор у сіле. 9 жніўня Васіля Парфянкова этапавалі ў арыштны дом у Баранавічы. Захар Шчарбакоў, БелаПАН