Выкладчыкі МДЛУ апавясцілі кіраўніцтва пра ўдзел у страйку

Група выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта афіцыйна апавясціла рэктара навучальнай установы пра ўдзел у страйку. Пра гэта гаворыцца ў телеграм-канале "МДЛУ За Свабоду".


"Учора раніцай мы афіцыйна абвясцілі рэктару, што пачынаем страйк. Патлумачылі, што гэта адзіны інструмент, які ў нас ёсць сёння, каб улады маглі нас пачуць, — сказала дацэнт Наталля Дуліна ў звароце да студэнтаў. — Калі вашы настаўнікі, дэканы папросяць вас напісаць тлумачальныя запіскі, мы лічым, што можам спаслацца на паведамленне, якое мы перадалі рэктару".
Паводле яе слоў, задача ўдзельнікаў забастоўкі — быць "максімальна публічнымі", каб стаць стымулам для тых, каго яны падтрымліваюць у першую чаргу — гэта работнікі дзяржпрадпрыемстваў.
Лукашэнка 20 кастрычніка змяніў рэктара Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта "з мэтай навесці там парадак". Замест Наталлі Баранавай ВНУ ўзначаліла Наталля Лапцева. А 27 кастрычніка Лукашэнка заклікаў бацькоў студэнтаў і школьнікаў "прыбраць" дзяцей з вуліцы", "каб потым не было балюча", таму што "з астатнімі будуць разбірацца па ўсёй строгасці закона".