Высечку ляснога масіву ў Слоніме возмуць на кантроль

Працягваецца змаганне за захаванне ляснога масіву на вуліцы Войкава ў Слоніме. Цяпер мясцовы актывіст Іван Шэга атрымаў чарговы адказ з Гарадзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



slonim_znish_les_2.jpg

Камітэт зазначыў, што бярэ сітуацыю на свой кантроль, ды абавязвае “Слонімскі лясгас” паведамляць, у тым ліку насельніцтву, пра планаваныя высечкі.

Іван Шэга кажа, што нядаўна ў лясгасе змяніўся кіраўнік:

— Дзён дзесяць таму інфармацыя такая прайшла. Яны там нам пішуць, што службовае расследаванне нейкае праводзяць, можа гэта была наша апошняя кропля, якая прымусіла там нешта зрабіць. Мы атрымалі ад Слонімскага райвыканкама канкрэтны адказ, што яны сапраўды высеклі гэтыя дрэвы дзеля такога, каб зрабіць дарогу да тых дамоў, што там будуюцца.

Слонімцы ўжо не аднойчы ўздымалі пытанне знішчэння здаровых дрэваў на вуліцы Войкава ў мікрараёне Альбярцін. Іван Шэга кажа, што атрыманы з абласнога камітэту адказ прыйшоў на электронны зварот, але яшчэ чакае адказу пісьмовы зварот слонімцаў у гэтай справе.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя