Вытворцаў Hunta падазраюць у нанясенні шкоды запаведніку
У пачатку траўня сацсеткі і сайты запаланілі прыгожыя фота з новымі беларускімі аўтамабілямі амаль неабмежаванай праходнасці.

Незвычайныя машыны робяць на прадпрыемстве МАЗ-MAN, назвалі іх таксама незвычайна ― Hunta (крыху пазней адмыслова для расійскага рынка выбралі больш паліткарэктнае імя ― "Хаскі"). Вытворца ладзіць тэст-драйв, запрашае расійскіх і беларускіх журналістаў ды блогераў. Яны ад паездкі ў захапленні ― новая машына можа праехаць насамрэч амаль паўсюль ― і па возеры, і па балоце, і па лесе.
Праз тыдзень фота заўважае дырэктар гідралагічнага заказніка рэспубліканскага значэння "Балота Мох" Іван Барок. Аказваецца, фота тэст-драйва зробленыя на асабліва ахоўваемай тэрыторыі. Справа ўжо дайшла да Міністэрства аховы прыроды.


"На дадзены момант ідзе разбіральніцтва. Высвятляюцца асобы вінаватых, высвятляецца, ці была нанесеная шкода і ці было гэта зроблена на тэрыторыі заказніка. Працуе і міністэрства, і абласны камітэт, і мы працуем. Афіцыйных дадзеных няма пакуль. На наступным тыдні плануем экспедыцыю ў тыя мясціны", ― у каментарыі Еўрарадыё кажа Іван Барок.
У тэст-драйве балатаходаў удзельнічала даволі шмат людзей, асноўную частку склалі расійскія журналісты, беларусаў усяго некалькі. Адзін з удзельнікаў паездкі, блогер Антон Матолька расказвае "Еўрарадыё", што падчас тэст-драйва не заўважыў нейкіх забараняльных шыльдаў. Кіроўцы вялікіх машын ехалі без дарогі, вакол не было ні людзей, ні будынкаў ― адзін лес, вада і балоты.
"Дзе канкрэтна мы ездзілі, я не магу сказаць. Казалі, што не па Ельненскім запаведніку, а па балоце. Ці то Вялікі Мох, ці то што іншае. Не магу сказаць дакладна. Там не было ўказання мяжы запаведніка. Было бачна, што мы едзем не па дарозе, я ўключаў мапу. Было незразумела, дзе канкрэтна мы едзем", ― расказвае папулярны блогер.

"Еўрарадыё" звяртаецца па каментарый да прадпрыемства МАЗ-MAN, дзе робяць балатаходы Hunta. Адказаць на пытанні бярэцца супрацоўнік Дзмітрый Ракусаў.
"Мы ўвогуле па балоце не ездзілі, гэта камп'ютарная графіка. Вось тое відэа, якое выклалі, гэта камп'ютарная графіка. Узялі фотаздымкі і зрабілі мантаж. Нашы машыны па балоце не ездзілі. Нашы машыны праехалі па вадзе, былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы, вінаватыя пакараныя", ― расказвае Ракусаў.
Як даведалася "Еўрарадыё", на кіроўцаў балатаходаў насамрэч былі складзеныя пратаколы за язду па возеры (Hunta фактычна з'яўляецца амфібіяй, можа перамяшчацца і па зямлі, і па вадзе), яны заплацілі невялікія штрафы памерам чатыры базавыя велічыні. А вось да сцвярджэння, што тэст-драйв не праводзіўся на тэрыторыі заказніка, яго супрацоўнікі ставяцца, мякка кажучы, скептычна. І спасылаюцца на шматлікія фотаздымкі, зробленыя журналістамі падчас паездкі.
Уся справа можа скончыцца не толькі ўдарам па рэпутацыі кампаніі, але і значнымі фінансавымі стратамі. Калі Мінпрыроды знойдзе доказы парушэнняў, то штраф за пакатушкі па запаведніку можа быць зусім не маленькім. Згодна з артыкулам 15.9 КаАП РБ, парушэнне рэжыму аховы і выкарыстання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый юрыдычнай асобай караецца штрафам памерам нават да 500 базавых велічынь ― каля 5000 долараў па травеньскім курсе.
