З падворка Ігара Случака і Аліны Нагорнай скралі бел-чырвона-белыя сцягі

Да гэтага розныя людзі неаднаразова прыязджалі фатаграфаваць дом актывістаў у вёсцы Перасека, над якім да ўчарашняга дня лунаў нацыянальны сцяг.

Фота з фэйсбука Аліны Нагорнай

Фота з фэйсбука Аліны Нагорнай

Паведамленне пра знікненне сцягоў апублікавала сёння ўначы ў сваім фэйсбуку Аліна Нагорная:
«Толькі што Ігар пайшоў па дровы, а сцягоў няма, —напісала Аліна. — Яшчэ ўдзень у нас луналі 2 сцягі, адзін каля ўваходу на падворак і адзін на падворку, які быў бачны з Р43 і таму раздражняў розных прыхадняў. Гэта яго ўвесь час прыязджалі фоткаць».


Хутчэй за ўсё, мяркуюць актывісты, каб адцягнуць іх увагу, ім адключылі ваду. Яны не чулі, каб нехта прыходзіў, хаця звычайна ўсе гукі з падворка чуваць. Верагодна, сцягі зніклі ў той час, калі Аліна ўкладвала спаць маленькага сына Стэфана, а Ігар разбіраўся з прычынай знікнення вады ў кране.
Сцяг на хаце Аліны і Ігара вісеў з траўня 2019 года. Апошнім часам да актывістаў прыязджалі прадстаўнікі мясцовых улад, таксама да іх грукаліся міліцыянты, але іх не ўпусцілі.