З дзвярэй Дома ўраду Фёдар дастаў шкло, каб ніхто не парэзаўся
Палітвязню Фёдару Мірзаянаву ўсяго 20 гадоў. Хударлявы, у акулярах, ён спакойна і старанна даводзіць суддзі сваю пазіцыю. Быццам бы студэнт-выдатнік адказвае на іспыце! Якім чынам Фёдар
Мірзаянаў апынуўся на Плошчы, як ён змяніў універсітэцкую лаву на лаву падсудных, у чым да лепшага перамянілі жыццё Фёдара снежаньскія падзеі — пра гэта мы гутарым з Людмілай Мірзаянавай,
маці палітвязня.
НЯЗДАДЗЕНЫ ІСПЫТ
Палітвязню Фёдару Мірзаянаву ўсяго 20 гадоў. Хударлявы, у акулярах, ён спакойна і старанна даводзіць суддзі сваю пазіцыю. Быццам бы студэнт-выдатнік адказвае на іспыце! Якім чынам Фёдар
Мірзаянаў апынуўся на Плошчы, як ён змяніў універсітэцкую лаву на лаву падсудных, у чым да лепшага перамянілі жыццё Фёдара снежаньскія падзеі — пра гэта мы гутарым з Людмілай Мірзаянавай,
маці палітвязня.
НЯЗДАДЗЕНЫ ІСПЫТ
19 снежня Фёдар упершыню ўдзельнічаў у масавай вулічнай акцыі пратэсту. Хлопец прыйшоў на Плошчу са сваім лепшым сябрам Іллём Васілевічам (таксама асуджаным па справе пра “масавыя
беспарадкі) падтрымаць тагачаснага кандыдата ў прэзідэнты Яраслава Раманчука. Як студэнту эканамічнага ўніверсітэта, Фёдару больш за ўсе іншыя імпанавала праграма эканаміста
Раманчука.
Пытаюся ў спадарыні Людмілы, як яе сын, выдатнік прэстыжнага сталічнага ўніверсітэта, пераадолеў страх перад магчымым адлічэннем, арыштам і выйшаў на акцыю? “У гэтым няма нічога дзіўнага. У
Фёдара даўно назапашвалася нейкае абурэнне, незавадальненне. Яшчэ ў 11 гадоў падчас адпачынку ў бабулі ў Нясвіжы ён за дзень да выбараў з сябрам панарабіў нейкіх самаробных улётак і раскідваў іх па
паштовых скрынях — гэта быў 2001 год. А ў 2006 годзе Федзя вельмі хацеў патрапіць на сустрэчу з Мілінкевічам. Ён разам з бацькам стаяў ля Дому афіцэраў, дзе Мілінкевіч сустракаўся з
выбарцамі, і… не пайшоў — бацька яго адгаварыў, — распавядае Людміла Мірзаянава.
Ці пайсці на акцыю 19 снежня — Фёдар вырашаў самастойна. Пасля, адсядзеўшы 15 сутак адміністрацыйнага арышту, умудрыўся здаць чатыры залікі і тры іспыты. Апошні іспыт здаць не паспеў
— зранку хлопца з хаты забралі супрацоўнікі МУС.
Людміла паказвае шматлікія дыпломы і граматы Фёдара за поспехі ў вучобе — іх столькі, што не змяшчаюцца на стале! Прызавыя месцы на алімпіядах па гісторыі, інфарматыцы, геаграфіі! З абласных
і рэспубліканскіх спаборніцтваў Фёдар шмат разоў вяртаўся пераможцам у родныя Баранавічы. Напрыканцы лiпеня Фёдару зноўку выпала магчымасць пабыць на малой Радзіме. “Якое супадзенне: амаль
суткі наш цягнік стаяў у Баранавічах! — напісаў ён маці пра этапаванне ў калонію.
Гартаючы дыпломы, натыкаюся на падзячны ліст ад тагачаснага дэпутата парламента (цяперашняга намесніка гендырэктара “Мінск-арэны па ідэалагічнай працы) Мікалая Сергіенкі. Пафасны
ліст аздоблены выяваю Дома ўраду… Якое супадзенне!
КРЫЗІС ВЕРЫ Ў ПРАВАСУДДЗЕ
Гэты год скараціўся ў Фёдара на адзін дзень. “Ён выкрасліў гэтую дату са свайго жыцця. Федзя пра яе не ўзгадвае, не пазначае ў лістах, — гаворыць Людміла
Мірзаянава. Не, не 19 снежня. Гэта 14 мая — дзень вынясення прысуду. Людміла называе гэты дзень “крызісам веры ў правасуддзе. Фёдар шчыра спадзяваўся на справядлівае
рашэнне суда, да апошняга верыў, што суддзя яго пачуе. “Пасля адміністрацыйнага арышту, яшчэ напачатку студзеня, мы з мужам сур’ёзна пагутарылі з Федзем, заклікалі распавесці праўду
— што ён рабіў на плошчы. Мы прасілі яго на ўсялякі выпадак з’ехаць з краіны. У нас ужо было дамоўлена з універсітэтам у Маскве, з двума ўніверсітэтамі ва Уфе (Радзіма мужа, Рыма
Мірзаянава), з універсітэтам у Южна-Сахалінску. Але Фёдар сказаў, што шкло не біў, таму яму баяцца няма чаго, — узгадвае маці палітвязня.
Тое, што Фёдар не біў шкло, было засведчана нават на судзе. “Відэаздымка зафіксавала, як Фёдар падыходзіць да дзвярэй Дому ўраду, калі там ужо было выбіта ўсё шкло. З рамы дзвярэй тырчаў
вялізны востры ашчэпак. Федзя яго дастаў і акуратна, спакойна паклаў на шафу, якой быў забарыкадаваны ўваход у Дом ураду — каб ніхто не парэзаўся. Нават бачна, як ён падпрыгнуў, каб дастаць
шафы — яна была высокая, — працягвае Людміла.
Пракуратура ж настойвала на тым, што Мірзаянаў тры разы кідаўся ашчэпкамі шкла ў міліцыянтаў. Суд адхіліў беспадстаўныя довады пракурора, з выніковага вердыкту гэтае абвінавачанне выключыў —
і пакараў Фёдара трыма гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пасля суду Фёдар яшчэ нейкі час пісаў абуральныя лісты маці, але з часам супакоіўся, пачаў ацэньваць падзеі саркастычна і нават дзякаваў лёсу
за тое, што расплюшчыў яму вочы на беларускае правасуддзе.
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ САЛІДАРНАСЦЬ
Калі беларусам і расійцам было наканавана калі-небудзь аб’яднацца ў саюз, дык гэта ў справе абароны Фёдара Мірзаянава. Два разы на месяц ягоныя сваякі і сябры праводзяць пікеты ля
беларускага прадстаўніцтва ва Уфе. У адным з такіх пікетаў удзельнічаў нават прафесар Уфімскага дзяржаўнага авіяцыйнага тэхнічнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук Міхаіл Верхатураў!
Беларусы не адстаюць. Фёдару шмат лістуюць, праўда, лісты нават з самымі нявіннымі словамі падтрымкі рэдка прабіваюцца праз цэнзуру. Складана перадаць і кнігі, якіх ужо накапілася некалькі дзясяткаў
— падарункі ад знакамітых беларускіх пісьменнікаў і музыкаў. Свае аўтографы для Фёдара пакінулі Лявон Вольскі, Уладзімір Някляеў, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў і многія іншыя. Не
забывае свайго выбарца і Аб’яднаная грамадзянская партыя, прадстаўнікі якой нават абяцалі падарыць ноўтбук для вучобы ў калоніі. Праўда, адміністрацыя калоніі забараняе перадаваць кампутар
вязням — “не положено.
Людміла Мірзаянава са здзіўленнем распавядае пра ліст падтрымкі з Італіі: “У 2003 годзе Фёдара запрасілі ў склад журы на дзіцячы кінафестываль, які праходзіў у Італіі. І зараз, праз 8 гадоў,
мы атрымалі ліст ад арганізатараў таго фестывалю са словамі падтрымкі Федзю і нам. Уяўляеце, яны самі нейкім чынам даведаліся пра зняволенне Фёдара і напісалі!
Аднагрупнікі Фёдара таксама не забываюць свайго сябра і яго сям’ю, часта прыходзяць у госці да спадарыні Людмілы. Дарэчы, на момант напісання артыкула Фёдар Мірзаянаў яшчэ лічыўся студэнтам
Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “эканамічная кібернэтыка. Месяц таму маці Фёдара тэлефанавалі з адміністрацыі ўніверсітэта і прасілі, каб яе сын
напісаў заяву пра адлічэнне па сваім жаданні. “Я перадала Федзю гэтую просьбу, але ён катэгарычна адмовіўся — маўляў, я паступіў з самым высокім балам, і яшчэ буду адлічацца? Няхай
тады самі і адлічаюць — перадае рэакцыю сына Людміла. Гэты выпадак унікальны, бо звычайна студэнтаў-“крымінальнікаў адлічваюць з першых дзён завядзення
справы.
У сваю чаргу Людміла Мірзаянава стараецца, як можа, падтрымаць іншых вязняў: “Я псіхолаг па адукацыі, дык пішу палітвязням парады, як адаптавацца ў новых умовах, як адшукаць радасць там, дзе
яны зараз знаходзяцца. Я імкнуся падтрымаць іх душэўную раўнавагу, высокае меркаванне пра сябе — гэта вельмі важна, калі цябе ўвесь час спрабуюць прынізіць і растаптаць.
Спадарыня Людміла праводзіць мяне з катом Пушысцікам на руках — улюбёнцам Фёдара. У адным з апошніх лістоў Фёдар нагадаў, што ў Пушысціка хутка дзень народзінаў — маўляў, рыхтуйце
кату свята! Віншаванняў непасрэдна ад свайго гаспадара Пушысціку давядзецца пачакаць, роўна як ягоным аднагрупнікам — займальных турыстычных вандровак, якія часта арганізаваў Фёдар, стосам
новых кніг — свайго цікаўнага чытача, універсітэцкім лавам — свайго студэнта, усім нам — новага абаронцу Беларусі.