За цішотку на затрыманага на Цнянцы раварыста ўзбудзілі крымінальную справу за абразу прэзідэнта

Супраць затрыманага 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску ўдзельніка MINSK FIXED GEAR 31-гадовага Канстанціна Сямёнава ўзбудзілі крымінальную справу за абразу прэзідэнта. Прычынай крымінальнай справы стала цішотка хлопца, за якую яго затрымалі перад гонкай Toure de Tsna і арыштавалі на 15 сутак, з надпісам «Дыктатару месца ў пекле» і партрэтам чалавека, падобнага да Лукашэнкі. Па артыкуле 368 Крымінальнага кодэкса Канстанціну пагражае пазбаўленне волі да двух гадоў.

semenau_90.jpeg

Нагадаем, увечары 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску затрымалі групу раварыстаў — удзельнікаў роварнай гонкі MINSK FIXED GEAR. Там павінен быў адбыцца Toure de Tsna. Затрыманых абвінавачваюць «ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, шляхам выкрыквання лозунгу «Жыве Беларусь». На ўсіх раварыстаў склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. У судзе Савецкага раёна каля 20 чалавек асудзілі на 10-15 сутак.
31-гадовага Канстанціна Сямёнава супрацоўнікі АМАПу затрымалі першым, каго затрымалі у той дзень перад пачаткам гонкі Toure de Tsna. У Савецкім РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, але не за ўдзел у масавым мерапрыемстве, як астатніх асуджаных, а за адзіночнае пікетаванне цішоткай з надпісам «Дыктатару месца ў пекле». Як распавёў на судзе Канстанцін, ён чакаў пачатак гонкі і паспеў толькі зняць верхнюю вопратку, калі да яго пад'ехаў бус і яго затрымалі, піша «Вясна» назірае». Сведка-міліцыянт «Громаў» сцвярджаў на судзе, што «бачыў як Сямёнаў ехаў сярод раварыстаў у цішотке з палітычным надпісам».
Суддзя Сяргей Шаціла арыштаваў Сямёнава на 15 сутак. Цішотку Канстанціна канфіскавалі без афармлення дакументаў. Таксама арыштавалі ровар хлопца.
ПЦ «Вясна»