За дзень з’явіліся адразу тры гнеўныя петыцыі на адрас «Мінсктрансу»


У панядзелак з’явілася адразу некалькі петыцый па слядах транспартных навін. Адзін зварот тычыцца блакавання валідатараў і кампосцераў праз 15 секунд пасля адпраўлення аўтобуса з прыпынку. У другім просяць развіць бескантактную аплату ў наземным транспарце, а не адключаць яе (як у трамваі № 6). У трэцім — патрабуюць у кіраўніцтва «Мінсктранса» падаць у адстаўку.

validatar_1.jpg

Навіна, якая выклікала бурнае абмеркаванне — тое, што ў мінскіх аўтобусах плануюць блакаваць сістэму аплаты адразу пасля адпраўлення аўтобуса. «Мінсктранс» так мае намер змагацца з зайцамі, якія не прабіваюць талон, чакаючы кантралёраў. Аўтары звароту на petitions.by з такой ідэяй не згодныя — яна ўшчамляе ў правах пажылых пасажыраў, людзей з інваліднасцю, пасажыраў з груднымі дзецьмі і калыскамі.
«Новаўвядзенне, на нашу думку, прывядзе да пастаянных канфліктаў і сутычак у грамадскім транспарце горада і краіны ў цэлым, што ў сваю чаргу зробіць яго менш прывабным як для грамадзян краіны, так і для турыстаў...»
Аўтары петыцыі ўпэўнены: шмат хто будзе спасылацца на тое, што «не паспелі» у спрэчках з кантралёрамі, а гэта можа даць права «безбілетнікам» адчуваць сябе загадзя апраўданымі з боку грамадства.
Петыцыя правісела на сайце адкрытай некалькі гадзін і ўжо сышла ў «Мінсктранс», пад ёй падпісалася больш за 1000 чалавек.
Яшчэ адзін зварот у «Мінсктранс» крытыкуе планы па адмене аплаты праезду банкаўскай картай у наземным транспарце. Нагадаем, больш за паўгода расплаціцца карткай за квіток можна было ў трамваі № 6. «Мінсктранс» тэставаў сістэму, прапанаваную БПС-Ашчадбанкам, і застаўся ёю незадаволены. У панядзелак 3 лютага транспартнікі заявілі, што на працягу тыдня завершаць тэст.
«Мы, ніжэйпадпісаныя, просім вярнуць, развіць бескантактную аплату праезду у наземным транспарце. Развіць — гэта значыць запусціць аплату не толькі ў трамваі № 6 «ДС ’’Серабранка" - ДС ’’Зялёны Луг ’’, але і на іншых відах транспарту і маршрутах».
Такую неабходнасць пасажыры абгрунтоўваюць выгадай для беларусаў і турыстаў: «Адмена магчымасці бескантактавай аплаты транспарту — гэта вялікі крок назад, а не развіццё!».
Гэтая петыцыя яшчэ адкрыта, праз 13 дзён яе накіруюць у «Мінсктранс» — на 9.30 аўторка пад ёй — 360 подпісаў.
На той жа пляцоўцы з’явіўся і трэці, найбольш гнеўны, зварот. У ім просяць аб адстаўцы кіраўніцтва «Мінсктранса».
«За адсталасць грамадскага транспарту горада Мінска, за супрацьдзеянне ў раскрыцці поўнага функцыяналу валідатараў у гарадскім грамадскім транспарце (коштам 727 $ кожны), за прыняцце непапулярных і антыграмадскіх рашэнняў». Тут на раніцу аўторка сабралі больш за 170 подпісаў, зварот сыдзе праз 13 дзён у «Мінсктранс».
Дадамо, што на звароты на сайце petitions.by дзяржаўныя органы рэагуюць і дасылаюць свае адказы.
Паводле news.tut.by