За неаднаразовы ўдзел у масавых акцыях увядуць крымінальную адказнасць

У Крымінальны кодэкс Беларусі будуць унесеныя новыя артыкулы і склады злачынстваў, якія павінны «забяспечыць дадатковую ахову канстытуцыйнага ладу краіны, жыцця і здароўя грамадзян», паведамляе «Еўрарадыё».

img_1655_logo.jpg

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, прысвечаным пасяджэнню міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы змен у КК.

У паведамленні, якое з'явілася на Нацыянальным прававым партале, гаворыцца, што новыя артыкулы і склады злачынстваў будуць прадугледжваць «адказнасць за экстрэмізм, неаднаразовае парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, распаўсюджванне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурса забароненай інфармацыі, вытворчасць (увоз, збыт) фальсіфікаваных медпрэпаратаў, а таксама незаконны збор і распаўсюджванне персанальных дадзеных».

Разгледжаны змены і ў Крымінальна-працэсуальных кодэкс. Тут прапануецца сярод іншага пашырыць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у крымінальным працэсе і ўзмацніць ролю пракуратуры — даць права генпракурору, яго намеснікам, а таксама пракурорам абласцей і Мінска выносіць абавязковыя для выканання прадпісанні.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, які ўзначальвае міжведамасную групу па дапрацоўцы законапраекта, адзначыў, што гэты дакумент «носіць вельмі важны характар як для дзяржавы, так і для простых людзей». Таму праца над папраўкамі вялася «фактычна ў рэжыме "нон-стоп" і цяпер яна знаходзіцца на фінальнай стадыі».

Раней генпракурор Беларусі Андрэй Швед анансаваў узмацненне адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць. Прычым, паводле яго слоў, «крымінальнай адказнасці будуць падлягаць любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці». Адказнасць, паводле яго слоў, будзе прадугледжана і за распаўсюд «экстрэмісцкіх поглядаў і сімволікі». Экстрэмісцкай сімволікай, нагадаем, хочуць прызнаць і БЧБ-сцяг.