За расследаванне наконт неправеранай вакцыны для беларускіх дзяцей пачалі збіраць подпісы
На сайце Petitions.by з'явіўся зварот з патрабаваннем праверкі «таемных выпрабаванняў медыцынскіх прэпаратаў на беларусах». За лічаныя гадзіны набралася больш за тры сотні подпісаў, перадае Радыё Свабода.
Патрабаванне з'явілася пасля публікацыі на сайце часопіса «Ежедневник» артыкула пад загалоўкам «Карупцыя Мінздароўя: як з беларускіх дзяцей зрабілі выпрабавальны палігон».
Падпісанты петыцыі просяць Міністэрства аховы здароўя спыніць ужыванне карэйскай вакцыны, пасля якой у Ганцавіцкім раёне памерла дзіця, растлумачыць, чаму незарэгістраваная ў Беларусі вакцына «Эўпента» была купленая і якім чынам ужывалася на беларускіх дзецях, а таксама што за 10% лекавых сродкаў, паводле звестак Мінздароўя, трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
Таксама ў петыцыі просяць Следчы камітэт правесці праверку фактаў, пералічаных у артыкуле — і весці паўнавартаснае адкрытае расследаванне.
Паводле артыкула «Ежедневника», у Беларусі вакцына «Эўпента» ўжываецца ад студзеня 2017 года, хоць яна не зарэгістраваная ў Беларусі, не праходзіла ў краіне выпрабаванняў і праверак. Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына «прэкваліфікаваная» Усясветнай арганізацыяй здароўя — ды тая «прэкваліфікацыя» гэта праверка паводле спрошчанай працэдуры, прадугледжаная для краін, якія не могуць праверыць лекі самастойна.
Выкарыстанне такой незарэгістраванай вакцыны забаронена ў Беларусі законам, але з закона ёсць выключэнні: для барацьбы з наступствамі надзвычайных здарэнняў і эпідэмій або для клінічных ці даклінічных выпрабаванняў.
Мінздароўя адмовілася адказаць выданню, ці ў Беларусі нейкая эпідэмія, ці сапраўды на беларускіх дзецях вядуцца таемныя выпрабаванні лекаў.
Радыё Свабода