За суткі ў краіне 1272 новых выпадкі COVID-19
За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1272 пацыенты з COVID-19, выпісаныя 1379 пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 331 808 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 322 223 пацыенты, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, перадае TUT.BY.
За ўвесь перыяд распаўсюду інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2324 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. 10 — за апошнія суткі.
У актыўнай фазе COVID-19 — 7261 пацыент.
За мінулыя суткі выкананы 18 261 тэст (каля 7% станоўчыя). Усяго ў краіне праведзена 5 496 424 тэсты.
26 сакавіка 2021 года Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале паведамляла пра больш за 26 тысяч беларусаў, якім зрабілі прышчэпкі ад COVID-19 дзвюма дозамі вакцыны, а 7 красавіка з’явілася інфармацыя аб пачатку масавай вакцынацыі ў Мінску.
У Беларусі цяпер прышчапляюць дзвюма вакцынамі. Расійскай «Гам-КОВИД-Вак» («Спутник V») і кітайскай «Vero Cell». Пры гэтым ужо пачаўся разліў першых прамысловых серый вакцыны «Спутник V» з паўпрадуктаў на айчынных «Белмедпрэпаратах».