За «выкрыкванне лозунгаў» і «плясканне ў ладкі» — тры гады «хіміі»

22 лістапада ў судзе Заводскага раёна вынесены прысуд 33-гадоваму Максіму Пражэніку. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі".

У Мінску каля Стэлы 9 жніўня 2020 года. Фота: АР

У Мінску каля Стэлы 9 жніўня 2020 года. Фота: АР

Прысуд вынес суддзя Алег Каляда, бок дзяржабвінавачання падтрымаў памочнік пракурора Заводскага раёна Дзятл. Мужчыну вызвалілі ў залі суда. Пазоў "Мінсктранса" на суму 3621,94 рублёў будзе вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.
Максіма прызналі вінаватым у тым, што з 9 па 10 жніўня 2020 года ён знаходзіўся на праспекце Пераможцаў з мэтай публічнага выказвання сваіх поглядаў і пратэста, прымаў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гэтыя дзеянні, паводле абвінавачання, пацягнулі за сабой спыненне работы транспарту і прадпрыемстваў. Таксама ён не падпарадкаваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, далучыўся да групы грамадзян, выкрыкваў лозунгі, пляскаў у далоні, рухаўся па праезнай частцы ў счэпцы.
Мужчына прызнаў віну. Ён распавёў, што 9 жніўня выйшаў у цэнтр паглядзець, што там адбываецца, убачыў шмат людзей, супрацоўнікаў міліцыі, паддаўся ўплыву і ўстаў у счэпку. Прастаяў там пяць хвілінаў і адразу сыйшоў. Мэтай мерапрыемства лічыў "паказаць, што мы прагаласавалі". Пазней каля 20 гадзін прыйшоў на Нямігу, там таксама былі людзі, а міліцыі спачатку не было. Яны сталі ў счэпку, калі з'явіліся супрацоўнікі АУС, усе разбегліся. Максім распавёў, што не рухаўся па праезнай частцы, а стаяў на тратуары. Мужчына пагадзіўся не з усім абвінавачаннем: ён сказаў, што не разумее, адкуль узялася такая сума пазову, калі ён быў не адзін. Ён распавёў, што напісаў чыстасардэчнае прызнанне: на мерапрыемстве было шмат прэсы, якая рабіла фотаздымкі, і калі яго затрымліваў ГУБАЗіК, то паказаў яму шматразова павялічанае фота.
Сведка Ганна Горава — сябра Пражэніка. Яна распавяла, што пазнаёмілася з ім у канцы мінулага года — спачатку ў сацсетках, а потым асабіста. Яны камунікавалі наконт падзей, якія адбываліся, Максім распавёў ёй, што ўдзельнічаў у мерапрыемствах 9-10 жніўня 2020 года на Нямізе. Ён распавёў дзяўчыне, што адстойваў сваё меркаванне, а таксама быў збіты пры затрыманні. Яна бачыла адно яго фота ў інстаграме пад нікам. Праз супярэчнасці ў паказаннях пракурор папрасіў зачытаць допыт следчага ў кастрычніку 2021 года, падчас якога Ганна распавядала, што яны пачалі сустракацца, а таксама, што да дзеянняў улады ставіўся адмоўна.
Падчас суда таксама было зачытанае ліставанне Ганны Горавай з чалавекам пад нікам "Бумбокс", падчас якой Бумбокс распавядаў, што быў на мяжы таго, што яго "закрыюць", а таксама што магчыма, хутка яго спаймаюць, таму ён на "трывожнай валізцы". На пытанне Ганны, ці не думае ён бегчы, Бумбокс адказаў, што лепш "стане палітвязнем і потым атрымае грошы". Горава патлумачыла, што Максім казаў ёй, што на адным з тэлеграм-каналаў, зараз прызнаным экстрэмісцкім, абяцалі заплаціць тым, каго затрымлівалі — ён разлічваў на гэта. Але ён не распавядаў, ці плацілі яму грошы.
Падчас вобшука былі канфіскаваныя чырвоная майка і сінія джынсы, а таксама тэлефон.
Пракурор палічыў, што віна поўнасцю даказаная і запрасіў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам тры гады з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі". Мінсктранс папрасіў у выпадку прызнання віны спагнаць з яго 3621,94 рублі салідарна з ужо вызначанымі асобамі. Абаронца папрасіў прызначыць "хатнюю хімію" і вылучыць пазоў у асобную грамадзянскую вытворчасць. Суддзя прызначыў Максіму Пражэніку тры гады "хіміі", пазоў будзе разгледжаны ў грамадзянскай вытворчасці.
spring96.org