За мяжой працуюць да 1 мільёна 200 тысячаў беларусаў
Эканаміст Ірына Вашко: за два гады колькасць беларусаў, якія выязджаюць на працу ў Расею, павялічылася амаль у два разы.
Уцечка працоўных рук стала балючай праблемай для Беларусі. Паводле падлікаў беларускіх дзяржаўных установаў, за мяжой працуюць каля 400 тысячаў беларускіх грамадзянаў. Гэта 7% ад агульнай колькасьці працаздольных. Заходнія інстытуты агучваюць больш трывожную лічбу. У Расеі, Польшчы, Нямеччыне, ЗША працуюць больш за мільён беларусаў – гэта кожны пяты працаздольны грамадзянін. Наколькі востра ў Беларусі адчуваецца недахоп працоўных рук? Што прымушае беларусаў працаваць за мяжой? Як вярнуць іх на Радзіму? Пра гэта мы гутарым са спэцыялістам ў галіне міграцыі, кандыдатам эканамічных навук Ірынай Вашко.
— Спадарыня Ірына, колькі беларусаў выехала на працу за мяжу ці выяжджае штогод паводле розных статыстычных дадзеных?
І. Вашко: Згодна з дадзенымі Белстата, мы маем пазытыўнае сальда міграцыі. Аднак, паводле нашых суседзяў, гэтае сальда адмоўнае і колькасьць тых, хто выяжджае за мяжу, штогод павялічваецца. Паводле дадзеных цэнтру дасьледаваньняў міграцыі CARIM, за межамі Беларусі працуе ад 500 тысячаў да 1 мільёна 200 тысячаў нашых суайчыньнікаў.
— Наколькі востра стаіць праблема ўцечкі працоўных рук? У якіх галінах спэцыялістаў найбольш не хапае?
І. Вашко: Найбольш на рынку працы не хапае прадстаўнікоў рабочых прафэсіяў. Гэта будаўнікі, спэцыялісты перапрацоўчай прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, сфэры паслугаў. І нэгатыўныя тэндэнцыі працягваюць нарастаць. Попыт на рабочыя прафэсіі працягвае павялічвацца.
— У якія краіны едуць беларусы, і якімі прычынамі выклікана міграцыя?
І. Вашко: Міграцыю можна растлумачыць эканамічным прагматызмам, эканамічнымі інтарэсамі нашых грамадзянаў. Беларусы едуць як у блізкае, так і далёкае замежжа. У апошнія гады імкліва павялічваецца колькасьць тых, хто выяжджае ў Расею. Калі ў 2012 годзе там працавала каля 180 тысячаў беларусаў, то ў 2014 годзе гэтая колькасьць, паводле некаторых ацэнак, дасягнула 300 тысячаў.
— Гэта значыць, што каля 300 тысячаў беларусаў працуюць у Маскве, Пецярбургу, Калузе, іншых гарадах...
І. Вашко: Згодна з вынікамі некаторых падлікаў мы можам казаць менавіта так.
— А якія прычыны прымушаюць людзей выяжджаць? Гэта заробкі, якія ў суседніх краінах вышэйшыя ў разы, ці ёсьць іншыя прычыны?
І. Вашко: Мы праводзілі дасьледаваньне фактараў, якія ўплываюць на рашэньне працоўных мігрантаў выехаць з краіны. Мы прыйшлі да высновы, што галоўную ролю адыгрывае розьніца ва ўзроўні аплаты працы. Мы таксама ўбачылі прамую залежнасьць паміж ростам валавага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва ў суседніх краінах і ростам міграцыі з Беларусі.
— Што, на вашую думку, трэба зрабіць, каб Беларусь не губляла свой працоўны патэнцыял? Якія меры трэба прыняць у першую чаргу?
І. Вашко: Гэта вельмі складанае пытаньне. На яго даўно спрабуюць адказаць дзяржаўныя ворганы, навуковыя цэнтры. Калі б мы ведалі аптымальныя меры, праблема была б ужо вырашана. Праблема міграцыі існуе ва ўсіх краінах. Ва ўмовах глябалізацыі яна толькі пашыраецца. Мы можам рабіць высновы толькі абапіраючыся на прыклады краінаў, якія маюць пазытыўны досьвед у галіне міграцыі і захаваньня працоўных рэсурсаў.
Варта праводзіць палітыку, скіраваную на захаваньне чалавечага капіталу, стымуляваць нараджальнасьць. Трэба праводзіць міграцыйную палітыку, якая б абараняла інтарэсы беларускіх працоўных мігрантаў за мяжой і прыцягвала б да нас тых працоўных мігрантаў, якія патрэбныя нашай эканоміцы. Трэба таксама праводзіць палітыку, якая б павышала якасьць жыцьця насельніцтва, у тым ліку паляпшала б умовы працы.
Размаўляў Аляксандар Папко, www.radyjo.net