За першы дзень прагаласавалі 4,49 % выбарцаў

У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта яўка выбаршчыкаў склала 4,49 %, паведаміла вечарам 6 кастрычніка Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.



0_16256567_303_00.jpg

Паводле афіцыйных звестак, у Віцебскай вобласці прагаласавала 5,11 % грамадзян, якія маюць выбарчае права, у Брэсцкай — 5,04 %, Мінскай — 4,61 %, Магілёўскай — 4,04 %, Гомельскай — 4,03 %, Гродзенскай — 3,84 %, у Мінску — 4,62 %.
 
Датэрміновае галасаванне будзе доўжыцца да 10 кастрычніка. Асноўны дзень выбараў — 11 кастрычніка.
 
У першы дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года выбарчыя ўчасткі наведала 3,4 % грамадзян, якія маюць права голасу, на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года — 3 %.
 
Права прагаласаваць датэрмінова дадзенае выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы жыхарства. Разам з тым афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства ў асноўны дзень выбараў не патрабуецца.
 
Датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Яно не праводзіцца на ўчастках для галасавання, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама для грамадзян, што адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.
Выбарчым правам у Беларусі валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласаваць на сёлетніх выбарах зможа 6.995.181 выбаршчык, у тым ліку 5.742 — за межамі краіны.
Незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам удзел у выбарах носіць выключна добраахвотны характар. Ніхто не мае права прымушаць грамадзян удзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, а прымушэнне да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з'яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і цягне адказнасць.
На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць чатыры кандыдаты: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, актывістка кампаніі "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА "Беларускае казацтва" Мікалай Улаховіч.
6 кастрычніка ў відэазвароце Таццяна Караткевіч заклікала выбаршчыкаў галасаваць у асноўны дзень выбараў. "Запрашаю вас галасаваць 11 кастрычніка, бо менавіта датэрміновае галасаванне дае магчымасць фальсіфікаваць вынікі выбараў", — сказала яна. Кандыдат падкрэсліла, што "згодна з законам ніхто не можа прымусіць вас галасаваць датэрмінова". "Калі гэта адбываецца, тэлефануйце ў мой штаб, разбярэмся", — заявіла Караткевіч.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН