За просьбу прыбраць расійскі сцяг з аўтобуса затрымалі актывіста БХД
У Менску быў затрыманы актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Алесь Кутасаў, які папрасіў прыбраць сцяг з лабавога шкла аўтобусу «Калодзішчы-Мінск».
Зайшоўшы ў аўтобус і пабачыўшы расейскі сцяг, Алесь Кутасаў на першым жа прыпынку папрасіў кіроўцу прыбраць сцяг, але той, агрызнуўшыся, зачыніў вакенца. На наступным прыпынку ў аўтобус увайшла
кандуктар, якая папрасіла паказаць дакументы на праезд. «Я ёй сказаў, што аплачу толькі тады,
калі будзе прыбраны сцяг», - адзначыў актывіст.
Тады яму грубым тонам паведамілі, што адвязуць на дыспетчарскую станцыю, дзе перададуць міліцыі. Пры гэтым усю дарогу да Д/С Алесю Кутасаву пагражалі. На дыспетчарскай станцыі кандуктар перадала
актывіста міліцыянтам, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён дэбашырыў і ледзь не лез у кабіну кіроўцы. Разам з тым прайсці ў міліцэйскі пастарунак для запісу паказанняў кандуктар адмовілася, а кіроўца між
тым прыбраў сцяг з аўтобуса.
У пастарунку Алеся Кутасава пратрымалі дзесяць хвілін і, «прабіўшы па базе», адпусцілі, запісаўшы, што правялі тлумачальную размову.
Між тым актывіст БХД ужо даслаў скаргу у Мінсктранс. «Чакаю адказу», - адзначыў ён.
bchd.info