«Жабкі былі сінія», — жыхары магілёўскага прыгараду абураюцца хімічнымі заводамі
36 вытворчасцяў ствараюцца пад Магілёвам на тэрыторыі паўднёвага прамысловага вузла свабоднай эканамічнай зоны. Некаторыя з іх ужо працуюць і паспелі нашкодзіць наваколлю.
Жыхары прылеглых да магілёўскага прамысловага вузла вёсак Вейна і Навасёлкі пратэстуюць супраць хімічных прадпрыемстваў, усяляк намагаюцца блякаваць іх увядзенне, пішучы скаргі і склікаючы грамадзкія слуханні. Вяскоўцы лічаць, што дзейсна паўплываць на сытуацыю магчыма толькі тады, калі небяспеку адчуюць і гараджане, якія таксама дыхаюць «хіміяй».
Чыноўнікі апраўдваюць узвядзенне прадпрыемстваў стварэннем новых працоўных месцаў, інвестыцыямі. Запэўніваюць, што найноўшыя тэхналогіі гарантуюць бяспеку вытворчасці «хімічнага прадукту».
Мы тут жывём, як ля Чарнобыля
Вуліца Савецкая ў Вейна выводзіць на ўскраек пасёлка. Забудаваная яна пераважна дыхтоўнымі катэджамі, з вокнаў якіх відаць комін прадпрыемства «Кранаспан», створанага аўстрыйскай кампаніяй. Ад яго да крайніх сядзібаў вуліцы няпоўныя два кіламетры. Комін бесперапынна дыміць.
«Комін невысокі, таму ў нас тут і смурод стаіць», — заяўляюць жыхары вуліцы. На іхную думку, на тэрыторыі прамысловай зоны не мусіла быць такой колькасці вытворчасцяў праз блізкасць паселішча.
«Вечарамі, калі вецер у наш бок, то дыхаць тут няма чым, — апавядае карэспандэнту адна з суразмоўцаў. — Акрамя таго, ад вытворчасцяў пастаянны гул. Абяцалі ўзвесці шумапаглынальную сцяну і лесапаласу, але пакуль нічога такога няма».
Жанчына адзначыла: жыхарства вуліцы Савецкай успрымае суседства з хімічнымі вытворчасцямі як небяспеку:
«Мы тут жывём як ля Чарнобыля. Тыя, хто пабудаваўся тут, асуджаныя жыць з відам на комін, бо дом жа нікуды не перанясеш адсюль. Яго не прадасі, бо каму патрэбная маёмасць, якую ў выпадку чаго давядзецца кінуць? З другога боку, гэтыя вытворчасці не толькі праблема Вейна, але і гораду. Тут жа недалёка ўжо буйныя жылыя масівы гораду, мясакамбінат. Гараджане пакуль не ўсвядомілі ўсёй небяспекі ад прамысловага вузла. Рытм жыцця змушае іх думаць пра надзённае, і толькі калі нешта здарыцца, тады яны задумаюцца. У гутарках гарадзкія кажуць, што нам, вяйнянцам, не пашанцавала. Іх цяжка пераканаць, што не пашанцавала нам усім».
Комін «Кранаспану» з яго белаватым дымам відаць і з гораду. Вейненцы, якія працуюць на прадпрыемстве, заўважаюць: «мэблевы» пах адчуваюць далёка ад пасёлка, але найбольш у ім самім.
«Іншым разам думаеш, ці ісці зь дзецьмі на вуліцу гуляць, ці адчыняць вокны, — далучаецца да гутаркі яшчэ адна жыхарка вуліцы. — Тое, што пачуюць наш пратэст, у нас веры ўжо няма. Жаданне зьехаць ёсць адсюль, толькі пытанне, куды».
Яны сыдуць, а нам бруд застанецца
Паводле мясцовых жыхароў, прамысловы вузел вырас за некалькі гадоў. Калі пачалі ўзводзіць першыя заводскія карпусы, ніхто зь вейненцаў не надаваў вялікага значэння, што яны будуць вырабляць. Схамянуліся потым. Збіраліся на грамадскія слуханні, на якіх чыноўнікі ды прадстаўнікі адміністрацыі тых прадпрыемстваў запэўнівалі ў іх бяспецы.
Вейненцы наракалі, што лесапаласу, якая адгароджвала пасёлак, ад найбуйнейшага ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно» дарожнікі прарэдзілі, яе амаль не засталося. Высокія сасонкі павысякалі, а замест іх павысаджвалі чэзлыя саджанцы ліставых парод дрэваў.
«Ды ніхто нам ужо не дапаможа, — кажа яшчэ адна жыхарка. — Вейна кінулі на выжыванне. Прасцей вёску згарнуць — і ўсіх на могілкі. Дзяцей малых шкада, бо тут няма чым дыхаць».
Некалі паспяховы тутэйшы саўгас перажывае ня лепшыя свае часы. Цяплічныя гаспадарка збанкрутавала. Суразмоўцы настойваюць, што саўгас наўмысна давялі да банкруцтва, каб прыбраць да рук ягоныя землі.
«Саўгас збанкрутаваны, дык якія тут могуць быць пэрспэктывы. Таму закрыйце гэтую „хімічную“ тэму раз і назаўжды. Нам ніхто не дапаможа, — кажа гаспадыня аднаго з двароў на Савецкай. — Гэтыя прадпрыемствы ўсе замежныя. Чаго яны сюды папрыяжджалі? А таму, што тут для іх умовы стварылі і плюнулі на людзей. Узвялі канструктар і гуляюцца ў яго. Вы прайдзіце да шашы і з яе паглядзіце, колькі там лесу звезена на перапрацоўку. Нашага лесу. Яны яго перапрацуюць і сыдуць, а нам бруд застанецца».
Пасялковая школа ў Вейне вокнамі таксама глядзіць на комін. У дзень наведвання Вейна на мясцовым стадыёне праходзіў футбольны матч. У гутарках з тымі, хто на яго прыйшоў, высветлілася, што боязь «хіміі» сапраўды ёсць, але за той час, як запрацавалі прадпрыемствы за вузкай лесапаласой, пасялкоўцы паспелі звыкнуцца зь імі:
«Дык што тут паробіш. Мы на сходах пратэставалі, але плёну ніякага. Нас запэўнівалі, што найноўшыя тэхналёгіі гарантуюць бяспеку. Веры гэтым словам няма, але не пойдзеш жа з віламі супраць улады», — выказаўся малады мужчына ў спартовым адзенні.
«Калі мы купілі дом тут, не было ніякіх шкодных прадпрыемстваў, а цяпер адно за адным іх будуюць, — кажа наступны суразмоўца. — Як вецер у наш бок, то адчуваецца пах новай мэблі з „Кранаспану“. А цяпер узводзяць яшчэ „Омск Карбон“, які нашмат небяспечнейшы за „Кранаспан“. Таму зразумела, што няўпэўненасць у заўтрашнім дні прысутнічае. Купілі дом, каб жыць, а як пачне сюды нешта дзьмуць, то куды падзецца? Сумна, што нашы ўлады ня думаюць пра людзей. На паперы выходзіць, што гэтыя прадпрыемства няшкодныя, а па факце зьбіраюць вейненцаў, каб супакоіць, але ад гэтага спакайней не становіцца».
Чыноўнікі: будаваць будзем, бо без інвэстыцыяў не будзе дзяржавы
Вялікі прамысловы вузел вырас уздоўж гомельскай шашы. На падыходзе да яе ўсё выразней чуваць гул вытворчасцяў. У носе непрыемна казытала. Рэдкі сасоннік, пра які казалі вейненцы, сапраўды быць дужа прарэджаны. Замест выкарчаваных і спілаваных дрэваў ледзь прыкметна вытыркаліся саджанцы. Імі ж была засаджаная прастора між шашой і агароджай прамысловай зоны з калючым дротам.
Грамадскія слуханні, пра якія згадвалі людзі, праходзілі ў мясцовым Доме культуры. Людзі не саромеліся рэзка выказвацца ў адрас чыноўнікаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў. Заклікалі службоўцаў адумацца і не губіць навакольнае асяроддзе. У адказ чулі, што новыя вытворчасці дадуць працоўныя месцы, узбагацяць рэгіён інвестыцыямі. Спасылаліся на даследаванні медыкаў, з якіх вынікала, што росту хваробаў, выкліканых працай хімічных вытворчасцяў, не назіраецца.
«Задача грамадзкага абмеркавання правільна пабудаваць завод, каб у нас не было ніякіх праблемаў са здароўем і ўсім астатнім», — супакойваў пасялкоўцаў старшыня Магілёўскага райвыканкаму Анатоль Дуцько на адным са сходаў, скліканым з нагоды павелічэння вытворчасці тэхнічнага вугляроду прадпрыемствам з расійскім капіталам «Омск Карбон Магілёў».
«Аднак я вам скажу адно — будаваць мы будзем, бо без інвэстыцыяў ня будзе ніякай дзяржавы ў нас, — пераконваў чыноўнік. — Паглядзіце, у Астраўцы ўзводзяць атамную станцыю, там таксама выконваюцца ўсе захады бяспекі. І мы мусім пабудаваць завод, каб не было ніякіх праблемаў і канфліктаў».
Жабкі ў канаве былі сінія
«З вашага прадпрыемства, — вінаваціў супрацоўнікаў „Кранаспану“ на яшчэ адных грамадскіх слуханнях жыхар Вейна, — выцякае па прарытай канаве атрутная вада, якая знішчае ўсё жывое навокал».
«Вы гэтую канаву закапалі, і пасля гэтага там пачаў расці чарот. А да таго там жабкі былі сінія», — казаў ён.
Вясковы краявід у Навасёлках
«Вы абсалютна маеце рацыю, але выкіды, праз якія здохла і рыба, і чарот, — яны былі ня толькі з нашага прадпрыемства, — адрэагавала на абвінавачванне прадстаўніца прадпрыемства. — Акрамя таго, гэта адбылося з прычыны парушэння тэхналагічнага працэсу, і гэта ўсё спынена. І цяпер нічога ня скідваецца».
«Зялёная зона была высечаная не дзеля нас, — спрабавалі супакоіць пасялкоўцаў супрацоўнікі замежнага прадпрыемства. — Нам гэты ўчастак быў выдзелены. Калі б не было нас, то было б іншае прадпрыемства. Акрамя таго, за тэрыторыяй нашага прадпрыемства ўжо пасаджана дзевяць радоў дрэў».
Шкодным рэчывам ёсць дзе рассеяцца
Пра 36 прадпрыемстваў, якія ўжо працуюць ці неўзабаве будуць уведзеныя на тэрыторыі паўднёвага прамысловага вузла, згадалі нядаўна ў Магілёўскім гарвыканкаме падчас абмеркавання пытання аб павелічэнні магутнасці комплексу па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі на «Хімвалакне». Гэтая вытворчасць павялічыць нагрузку на экалогію навакольнага асяроддзя на 88 тон выкідаў за год.
«Павелічэнне выкідаў у атмасфэру зусім не вялікае. Я не думаю, што гэта неяк пагоршыць сітуацыю ў навакольным асяродзьдзі. Санітарная зона „Хімвалакна“ 2,5 кіламетра, а гэта азначае, што шкодным рэчывам ёсць дзе рассеяцца», — адказала адна з удзельніц абмеркавання.
Чыноўнікі запэўнівалі, што ўсе хімічныя вытворчасці прамысловай зоны таксама не наносяць істотнай шкоды навакольнаму асяродзьдзю. Яны настойвалі, што больш шкодзіць яму аўтатранспарт. Павышэнне ўзроўню ў атмасферы фенолу службоўцы спісалі менавіта на транспарт. А вос прычыны з’яўлення ў паветры аміяку патлумачаць яны не змаглі. Разам з тым пераконвалі, што паветра ў Магілёве ў параўнанні з сярэдзінай 1980-х гадоў, калі горад лічыўся найбольш забруджаным у Беларусі, стала значна чысцейшым. Паводле чыноўнікаў, сучасныя хімічныя вытворчасці — гэта добра адладжаныя працэсы, якія гарантуюць высокі ўзровень бяспекі.
Эксперт: Магілёў — адзін з самых забруджаных гарадоў Беларусі
Ініцыяваў абмеркаванне сытуацыі з павелічэннем магутнасці поліэфірнай прадукцыі «Хімвалакном» юрыст, сябра грамадзкага аб’яднання «Экапраект» Рыгор Фёдараў. Гаворачы пра тое, на колькі адаб’ецца на навакольным асяродзьдзі праца ўсіх 36 вытворчасцяў паўднёвай прамысловай зоны, экспэрт адназначнай ацэнкі ня даў. На ягоную думку, сумарнае ўзьдзеянне на атмасфэру ўсіх прадпрыемстваў вузла разьлічыць ня проста.
Прамысловы вузел
«Нават калі вы складзяце тое, што выкідаецца з розных прадпрыемстваў, то ўсё роўна не атрымаецца сумарны эфэкт проста таму, што гэтыя рэчавы пад уздзеяннем атмасферных умоваў могуць узаемадзейнічаць, і што ў выніку атрымаем, дужа цяжка сказаць», — тлумачыць Фёдараў.
Экспэрт адзначае, што занепакоенасць жыхароў Вейна экалагічнай сітуацыяй вакол прамысловага вузла апраўданая. Суразмоўца нагадаў, што адно з прадпрыемстваў, якое стварае вытворчасць пад Магілёвам, «Омск Карбон Груп», у расійскім Омску адно з асноўных забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя і мясцовае насельніцтва ненавідзіць яго.
«Магілёў застаецца адным з самых забруджаных гарадоў у Беларусі, і тое, што людзі выказваюць занепакоенасць сітуацыяй — вельмі добра, — гаворыць Фёдараў. — Калі з боку грамадскасці заўваг няма, то гэта сігнал для праектоўцаў, для замоўнікаў гаварыць на ўсіх узроўнях, што грамадскасць задаволеная. Грамадскасці варта дамагацца адкрытасці інфармацыі, задаваць пытанні, пісаць скаргі, калі не даюць адказаў».
Згаданае эколагам прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» збіраецца вырабляць тэхнічны вуглярод. Вытворчасць яшчэ не запушчаная, але прапрацоўваецца магчымасць павелічэння магутнасці. Яшчэ адно прадпрыемства прамысловага вузла «Кранаспан» вырабляе арыентавана-стружачныя пліты. Падобная вытворчасць арганізаваная ў Смаргоні. Тамтэйшае прадпрыемства чатыры разы прыцягвалі да адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. За зліў у Вілію шкодных рэчываў яно было пакаранае штрафам амаль у 100 мільёнаў (старых рублёў).
Паводле Радыё Свабода