Загінуў былы першы сакратар мінскага гаркаму БРСМ, меркавана выпаў з акна

35-гадовы Юры Чачукевіч узначальваў мінскую гарадскую арганізацыю БРСМ, у снежні 2016 году быў прызначаны кіраўніком мінскага «Кінавідэапракату».

c7b03a57_8614_4e4b_8be7_e83bc22296e7_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg


Следчыя Мінску праводзяць праверку па факце смерці Юрыя Чачукевіча, цела якога знайшлі зранку 28 ліпеня ў двары дому па мінскім праспэкце Дзяржынскага. На целе выявілі «прыкметы падзення з вышыні».
Як паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Следчага камітэту Беларусі Юлія Ганчарова, група следчых на момант публікацыі яшчэ была на месцы здарэння, больш падрабязнасцей следчыя Свабодзе не паведамілі.
35-гадовы Юры Чачукевіч узначальваў мінскую гарадскую арганізацыю БРСМ, у снежні 2016 году быў прызначаны кіраўніком мінскага «Кінавідэапракату», таксама быў дэпутатам Мінскага гарадскога савету дэпутатаў ад Савецкага раёну. Ня быў жанаты, ня меў дзяцей.
У гаркаме БРСМ Свабодзе не змаглі пацвердзіць, ці сапраўды загінуў іх былы кіраўнік.
У прыёмнай "Кінавідэапракату" нічога не змаглі сказаць адносна здарэння, але пацвердзілі, што на працоўным месцы гендырэктар сёння ня быў.
У 2015 годзе ў інтэрв'ю СТВ Чачукевіч сярод іншага заяўляў, што БРСМ хоча ўплываць на выбар, які моладзь зробіць на прэзідэнцкіх выбарах, і распавядаў, што актывісты БРСМ сабралі тысячы подпісаў у падтрымку Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, анансаваў вылучэнне актывістаў БРСМ назіральнікамі на выбарах. А ў інтэрв'ю «Вячэрняму Мінску» ён казаў, што хацеў бы ўзначаліць футбольны клюб.
svaboda.org