Загінуў гітарыст «Песняроў» Аркадзь Іваноўскі
У аўторак, 24 чэрвеня, загінуў беларускі музыка Аркадзь Іваноўскі, апошні гітарыст мулявінскіх «Песняроў». Па непацверджаных дадзеных ён патануў. Пра гэта паведамляе форум прыхільнікаў «Песняроў». Інфармацыю пра гібель гітарыста са спасылкай на спачуванні музыкаў у сацсетках таксама пацвярджае «Комсомольская правда в Беларусі».
«Сумная навіна прыйшла ад Аляксандра Папроцкага з Мінска (перадаў Алег Аверын). Апошні гітарыст "Песняроў" да распаду Аркадзь Іваноўскі патануў. Падрабязнасці пакуль невядомыя», — піша адміністратар форуму Алег Верашчагін.
26 чэрвеня ў Мінску ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12 з 14.00 да 15.00 пройдзе развітанне з артыстам.
Аркадзю Іваноўскаму ў жніўні споўнілася б 60 гадоў.
Аркадзь Іваноўскі скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут і Мінскі інстытут культуры, з 1982 года працаваў у эстрадных калектывах, уключаючы ансамблі «Тоніка» і «Песняры». У ансамблі Уладзіміра Мулявіна «Песняры» Аркадзь Іваноўскі выступаў з 1996 года. Калі ў «Песнярах» адбыўся раскол, гітарыст не далучыўся да новага ансамблю «Беларускія песняры» і застаўся ў калектыве Мулявіна. Гітарыст таксама супрацоўнічаў з Беларускім дзяржаўным аркестрам Міхаіла Фінберга. З 2004 года Аркадзь працаваў на кафедры мастацкай творчасці і прадзюсерства ў Мінскім інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава і займаўся джазавымі праектамі.
Паводле tut.by