Замест крымінальнай справы на Змітра Паліенку завялі адміністрацыйную

Актывіст Зміцер Паліенка атрымаў пастанову Брэсцкага УУС аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да яго. Раней актывіста дапытвалі ў межах крымінальнай справы па артыкуле 189 Крымінальнага кодэкса за абразу ў сацсетках ганцавіцкага супрацоўніка міліцыі пасля брутальнага затрымання журналістаў "Ганцавіцкага часу" 20 чэрвеня. Пры гэтым у дзеяннях актывіста ўгледзелі прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння за абразу супрацоўніка міліцыі па арт. 9.3 КаАП.

palienka2019_1.jpg

У пастанове за подпісам старэйшага оперупаўнаважанага Брэсцкага УУС Б.Дзмітрука гаворыцца, што Паліенка, выкарыстоўвая асабісты акаунт у сацсетцы "Укантакце", накіраваў тры паведамленні ў адрас оперупаўнаважанага Ганцавіцкага РАУС старшага лейтэнанта міліцыі А. Шляжко. Як устанавіла лінгвістычная эскпертыза, змест гэтых паведамленняў мае негатыўную ацэнку асобы, якая атрымала паведамленне. Следства прыйшло да высновы, што мела месца "наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выказанае ў непрыстойнай форме (абраза)". Пры гэтым оперупаўнаважаны Брэсцкага УУС не ўбачыў у дзеяннях Змітра Паліенкі прыкметы складу злачынства, прадугледжаннага арт. 189 Крымінальнага кодэкса.
"Прымаючы ва ўвагу, што паведамленні названага зместу былі даступныя для прагляду толькі А. Шляжко і не распаўсюджаны ў глабальнай сетцы Інтэрнэт шырокаму колу асоб, у дзеяннях Паліенкі ўгледжваецца склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 9.3 КаАП (Абраза)", — гаворыцца ў пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Матэрыялы праверкі накіраваныя ў Першамайскі РУУС Мінска для пачатка адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да Змітра Паліенкі па арт. 9.3 КаАП.
Нагадаем, актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенку вызвалілі 25 чэрвеня з мінскага Ізалятара часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна пасля 17 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 23.34 КаАП. У яго засталіся недаседжаныя яшчэ 30 сутак. 
Паводле spring96.org