Анархіста Змітра Паліенку зноў арыштавалі на 15 сутак
Актывіста затрымалі сёння ў Першамайскім РУУСе Мінска, куды ён пайшоў адзначацца — ён усё яшчэ адбывае хатнюю «хімію».
Змітра Паліенку сёння арыштавалі на чарговыя 15 сутак, паведаміла «Новаму Часу» яго жонка Наста.
«У Дзімы па панядзелках адзнака ў РУУС. У яго віселі па выхаду яшчэ 15 сутак. Вось ён пайшоў на адзнаку, і яго там затрымалі. Ён патэлефанаваў бацьку, паведаміў, што на 15 сутак. Прасіў забраць рэчы яго. Ён пайшоў сабраны адразу, быў гатовы, што "закрыюць". Але, мабыць, рэчы не далі ўзяць», — распавяла Наста Паліенка.
Нагадаем, пазаўчора, 25 ліпеня, актывіст выйшаў на волю пасля 17 сутак, праведзеных у Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там ён адбываў 15 сутак за заклік да ўдзелу ў флэшмобе салідарнасці і два дні — у межах яшчэ не заведзенай крымінальнай справы за абразу ганцавіцкага міліцыянта. Аднак у актывіста засталіся яшчэ 15 недаседжаных сутак за парушэнне хатняй «хіміі», а таксама пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам, па якім яшчэ не было суда.
Таксама сёння стала вядома, што на Паліенку не сталі заводзіць крымінальную справу за абразу ў сацсетках ганцавіцкага супрацоўніка міліцыі пасля брутальнага затрымання журналістаў «Ганцавіцкага часу» 20 чэрвеня. Замест гэтага матэрыялы былі накіраваныя ў Першамайскі РУУС Мінска для пачатку адміністрацыйнага працэсу ў адносінах да Змітра Паліенкі па арт. 9.3 КаАП (Абраза).
На думку Насты Паліенка, у арыштах актывіста зрабілі перапынак для таго, каб яго не маглі прызнаць вязнем сумлення.