Замест прыёму ў Качанавай — у бальніцу

Паездка бабруйскай пенсіянеркі Любоў Санкевіч у Мінск на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай скончылася бальніцай.

Архіўнае фота. Любоў Санкевіч на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

Архіўнае фота. Любоў Санкевіч на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

У Бабруйску пасля вяртання з Мінска Любоў Санкевіч затрымлівалі шэсць міліцыянтаў. З ГУУС яе забрала «хуткая». Падрабязнасці «Салідарнасці» расказала Тамара Сяргей, юрыст грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў пракуратуры і судах».

22 чэрвеня прадстаўнікі ініцыятывы, сярод якіх была і Любоў Санкевіч, паспрабавалі патрапіць на прыём да Наталлі Качанавай, але безвынікова.

Любоў Міхайлаўна не раз запісвалася на прыём, індывідуальна і калектыўна, — падкрэсліла Тамара Сяргей.

Па вяртанні з Мінска на бабруйскім вакзале пенсіянерку затрымалі шасцёра супрацоўнікаў міліцыі.

Гэта было ў 21.30. Адзін з супрацоўнікаў быў з АМАПа. Уяўляеце? Спецназ задзейнічаны ў затрыманні жанчыны за 60, з «букетам» захворванняў, — распавяла падрабязнасці юрыст ініцыятывы.

Любоў Санкевіч даставілі ва УУС Бабруйскага гарвыканкама для дачы тлумачэнняў. Па словах Тамары Сяргей, прычынай для гэтага магло паслужыць інтэрв'ю журналістам, якое Любоў Санкевіч дала ў Мінску.

Пасля дзесяці гадзін вечара працэсуальныя дзеянні праводзяцца толькі ў выпадках, якія не церпяць адкладу. У дачыненні да Любові Санкевіч супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі незаконна, бо яе выпадак не трапляе пад дадзенае выключэнне, патлумачыла юрыст.

Ва УУС з пенсіянеркай спрабаваў размаўляць падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько, чые ранейшыя дзеянні Любоў Санкевіч дагэтуль аспрэчвае ў судах.

Тамара Сяргей звязалася з дзяжурнай часткай бабруйскага УУС, а таксама патэлефанавала на спецлінію МУС у Мінску, каб паказаць на парушэнне правоў затрыманай бабруйчанкі, але гэтыя званкі, па яе словах, плёну не прынеслі.

Каля 23.00 у Любові Санкевіч здарыўся гіпертанічны крыз. Паводле яе слоў, жанчыне самой давялося выклікаць медыкаў, так у міліцыі тэлефанаваць у "хуткую" адмовіліся.

Пенсіянерку павезлі ў лякарню, дзе аказалі неабходную дапамогу. Ад шпіталізацыі яна адмовілася і са сваякамі з'ехала дадому. Па стане на раніцу 23 чэрвеня яна адчувае сябе здавальняюча.

— Голас у яе слабы. Кажа, што ўсе яшчэ знаходзіцца пад уражаннем таго, што адбылося, — распавяла Тамара Сяргей.

gazetaby.com