Затрымалі дзяўчыну, якая пасварылася з удзельнікамі акцыі «Беларусь Zа Расію»

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне, якое адбылося ў Мінску ў суботу, 30 красавіка.

belarus_za_rossiyu.jpg

На мітынгу «Беларусь Zа Расію» ў Мінску былі затрыманыя тыя, хто паспрачаўся з яго ўдзельнікамі, паведамляюць праваабаронцы. Вядома пра два такія выпадкі, яны апублікавалі імя аднаго з затрыманых.
Сярод затрыманых Кацярына Шыцікава. Па словах праваабаронцаў, калі яна з сяброўкамі праходзіла міма, яна пачала спрачацца з адным з удзельнікаў акцыі. Потым да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі. Кацярыну выклікалі ў ГУУС на допыт, пасля чаго яе не адпусцілі.
Нагадаем, 30 красавіка калона людзей з беларускімі дзяржаўнымі, савецкімі сцягамі і расійскімі трыкалорамі прайшла ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі. Туды ўдзельнікі ўсклалі кветкі.
Адна з удзельніц акцыі, якая вяла стрым, расказала, што на яе нібыта напалі з пярцовым балончыкам на праспекце Незалежнасці і назвалі фашысткай.
Шэсце ўзгоднена з Мінгарвыканкамам, гаворыцца ў паведамленні аб мерапрыемстве.
Нагадаем, у многіх краінах забаронена дэманстрацыя Z як сімвала расійскай агрэсіі супраць Украіны, за гэта прадугледжана нават крымінальнае пакаранне.