Затрыманых у Мінску журналістаў, якія рабілі інтэрв'ю з Някляевым, вызвалілі
Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Любянчук і Марыя Арцыбашава 20 кастрычніка ў Мінску рабілі інтэрв’ю з палітыкам Уладзімірам Някляевым і былі затрыманыя міліцыяй.
Цікавасць міліцыянтаў, якія праходзілі побач, выклікала беларуская мова героя сюжэта, распавялі журналісты прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
– А 14 гадзіне на вуліцы Мележа ў Мінску мы запісвалі гутарку з палітыкам Уладзімірам Някляевым на розныя грамадска-палітычныя тэмы. У нейкі момант побач праходзіў супрацоўнік міліцыі, які вырашыў “праявіць пільнасць” і пачаў правяраць дакументы ў прысутных, – гаворыць Аляксандр.
Пасля гэтага журналістаў і палітыка даставілі ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна. Па словах Любенчука, тут у журналістаў спраўдзілі асобы праз міліцэйскую камп’ютарную базу. Міліцыянты таксама мелі намер праглядзець адзняты відэаматэрыял.
Прыкладна праз гадзіну пасля затрымання журналістаў і палітыка вызвалілі без складання які-кольвек праколаў і без вынятку рэчаў.
Паводле падлікаў ГА "БАЖ", сёлета ў Беларусі пад затрыманні падпадалі ўжо 26 журналістаў.