Жаўнеры ўкраінскай арміі запісалі песню «Вуліца Жызнеўскага»

Уладзімір Някрасаў, лідар гурта «Батьківський комітет», выдаў новую песню «Вуліца Жызнеўскага» на беларускай і ўкраінскай мовах.

zyzneuski_pesnja.jpg

Праца над песняй пачыналася разам з асноўным складам гурта, але праз вайну была завершана з пабрацімамі Уладзіміра па службе ва УСУ. Тэкст, засяроджаны на тэме памяці, на абедзвюх мовах напісаў паэт Алесь Плотка, чатыры апошнія радкі, погляд у будучыню, дадаў сам Уладзімір.

Уладзімір Някрасаў — прафесійны музыка па адукацыі. Цяпер ён служыць ва ўкраінскай арміі ў Асобнай прэзідэнцкай брыгадзе імя Багдана Хмяльніцкага ў званні малодшага сяржанта.

«Для мяне гэта песня пра Беларусь і Украіну будучыні, пра краіны, якія аб’ядноўвае агульная барацьба за свабоду і любоў да роднага краю. Я упэўнены, што перамога Украіны ў гэтай вайне — гэта вялікі камень у падмурак свабоды і незалежнасці дэмакратычнай Беларусі. Шчыра веру ў саюз краін Міжмор’я – Украіны, Беларусі, Польшчы і Літвы, лічу, што беларусы – самая блізкая ўкраінцам нацыя па мове, культуры і барацьбе супраць маскоўскага панавання», — кажа выканаўца.

У відэарадзе да песні — і памятная дошка загінулым беларусам, якая знаходзіцца на вуліцы Беларускай у Кіеве. Цяпер яна завешана тканінай праз тое, што Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю для нападу на Украіну і праз зразумелае сацыяльнае напружанне.

Міхаіл Жызнеўскі — гамяльчук, герой Украіны, адна з першых ахвяр Майдана, разам з армянінам Сяргеем Нігаянам. Песня, прысвечаная яго памяці, стваралася вясной-летам, а паралельна з гэтым у чэрвені 2022-га года ў горадзе Наваград-Валынскі з’явілася вуліца, названая ягоным імем.

 Паводле прэс-рэліза