Завершана следства ў справе журналіста Дзмітрыя Галко
Журналіст Дзмітрый Галко пачаў знаёміцца з крымінальнай справай, паводле якой ён абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяньнях адносна супрацоўніка міліцыі. Як мяркуе бацька журналіста Мікалай Галко, суд можа пачацца ў чэрвені-ліпені, паведамляе Радыё Свабода.
«Ведаю, што следства завершанае. Там збольшага нічога новага няма — перапісаныя міліцэйскія паперы з адміністрацыйнай справы, але ўжо на бланках Следчага камітэту. Учора справу адправілі Дзмітрыю для азнаямлення. Бегла ён ужо яе бачыў, цяпер зможа азнаёміцца больш дэталёва. Па прыкідках, суд можа пачацца недзе праз месяц», — кажа Галко-старэйшы.
Журналіст і блогер Дзмітрый Галко супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, у тым ліку асвятляў падзеі ва Ўкраіне. Пра заведзеную супраць яго крымінальную справу па абвінавачаньні ў гвалтоўных дзеяннях адносна супрацоўніка міліцыі стала вядома ў красавіку, пасля затрыманьня журналіста на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Інцыдэнт, у якім фігуруе Дзмітрый Галко, меў месца летась у лістападзе на мінскай кватэры, дзе ён жыў з сынам Янам. Падчас адзначэння дня народзінаў юнака нібыта нехта з суседзяў выклікаў міліцыю з прычыны «празмернага шуму». Дзмітрый адчыніў дзьверы. Паводле версіі сілавікоў, у яго здарыўся канфлікт з міліцыянтам, у выніку чаго быў разбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Галко казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку. Пазней адбыўся адміністрацыйны працэс, журналіста пакаралі за нецэнзурную лаянку.
Неўзабаве пасля інцыдэнта Дзмітрый і Ян з'ехалі з Беларусі ва Ўкраіну. 22 красавіка падчас вяртання ў Мінск Дзмітрый Галко быў затрыманы на беларуска-ўкраінскай мяжы і ад таго часу знаходзіцца пад вартай. Цяпер яго трымаюць у Жодзінскім СІЗА.
«Віны ў гвалце супраць міліцыянта ён не прызнае — што тычыцца меркаваных удараў, бойкі, як яны пішуць, — працягвае Мікалай Галко. — Прызнае толькі, што быў канфлікт на ўваходзе ў кватэру, не пускаў міліцыянтаў. Але ў межах адміністрацыйнай справы пакаранне ўжо панёс. Асабіста я мяркую, што каб ён пасля інцыдэнту не пісаў у Фэйсбуку крытычна пра міліцыянтаў, справы б магло і не быць».
Бацька нагадаў, што падчас інцыдэнту ягонаму сыну моцна пашкодзілі правую руку. Ён спадзяецца, што гэта таксама будзе разглядацца ў судзе. А што вядома пра ўмовы ўтрымання ў Жодзінскім СІЗА?
Паводле звестак Мікалая Галко, у камеры, дзе трымаюць ягонага сына, няма радыёкропкі, за некалькі тыдняў толькі аднойчы туды перадалі нумар газеты «Советская Белоруссия», пошта даходзіць з вялікім спазненнем.
«Напісаў, што раней не разумеў, наколькі важныя для вязняў лісты падтрымкі. Таму будзе вельмі карысна, калі яму напішуць не толькі сваякі. Лісты там патрэбныя як паветра», — кажа бацька падследнага журналіста.
Паводле звестак Мікалая Галко, у СІЗА за ягоным сынам ужо замацавалася мянушка «апазіцыянер».
Спатканняў з Дзмітрыем бацькам пакуль не дазвалялі.