Завершана следства па справе дзвюх юрыстак кансультацыі Савецкага раёна Мінска
Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску завершана расследаванне крымінальнай справы у дачыненні да загадчыцы і адваката юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна Мінска, а таксама дырэктара камерцыйнага прадпрыемства. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Беларусі.
Нагадаем, загадчыца і адвакат юрыдычнай кансультацыі былі затрыманыя супрацоўнікамі КДБ у верасні гэтага года з доказам злачынства пры атрыманні незаконнага грашовага ўзнагароджання. Непасрэдна
пры перадачы грошай быў затрыманы і пасрэднік — дырэктар аднаго з прыватных камерцыйных прадпрыемстваў сталіцы.
Грашовыя сродкі ў суме 10.000 долараў ЗША перадаў затрыманым жыхар Мінска нібыта для далейшай перадачы ў якасці хабару службовым асобам праваахоўных органаў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб
распачынанні крымінальнай справы па факце ўчыненых у дачыненні да згаданага грамадзяніна супрацьпраўных дзеянняў.
У дачыненні да затрыманых упраўленнем КДБ па Мінску і Мінскай вобласці была распачатая крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 5 арт. 16 КК (саўдзел у
злачынстве) і ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару).
Як паведамілі ў СК, дзеянні службовых асоб юрыдычнай кансультацыі і дырэктара прадпрыемства кваліфікаваныя следствам як замах на махлярства і падбухторванне да дачы хабару ў буйным
памеры.
Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачваных застаецца ранейшай — узяцце пад варту.
Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН