«Збоі ў працы сістэмы відэаназірання». Справу журналісткі Калінінай будуць разглядаць без звестак з камер

Пасяджэнне па справе журналісткі TUT.BY Надзеі Калінінай аб адміністрацыйным правапарушэнні прызначана на пятніцу 12 лютага. Пасля першага пасяджэння ў працэсе быў абвешчаны перапынак для атрымання судом відэазапісаў з камер назірання Мінскага гарадскога Палаца культуры (былы ДК «Камволь»).

nadja_kalinina_okrestina_1.jpg

Па дадзеных TUT.BY, запісы з камер назірання суду не былі прадастаўлены «у сувязі са збоямі ў працы сістэмы відэаназірання». Падчас першага пасяджэння Надзея Калініна і яе адвакат Валерый Зінкевіч хадайнічалі аб запыце і праглядзе запісаў з камер назірання Палаца культуры. Надзея кажа, што гэтыя запісы маглі пацвердзіць, што яна знаходзілася ў будынку ДК і затрымалі яе на ганку, як толькі яна выйшла.

Надзею Калініну затрымалі 29 студзеня, калі яна спрабавала трапіць на з'езд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу па Мінску, які праходзіў у Мінскім гарадскім Палацы культуры па адрасе вул. Маякоўскага, 129. 1 лютага па адміністратыўнай справе ў дачыненні да журналісткі прайшоў суд.

У складзеных на Надзею пратаколах пазначана, што журналістка зладзіла пікет «за сумленныя выбары» і аказвала супраціў падчас затрымання. Сведка Шымановіч, які выступаў у судзе (прозвішча не сапраўднае) заяўляў, што Калініна пікетавала ўздоўж праезнай часткі побач з Палацам культуры, выкрыквала «Жыве Беларусь!» і не рэагавала на яго неаднаразовыя заўвагі, але не супраціўлялася, калі яе затрымлівалі.

Журналістка віну не прызнала, заявіла, што ў пратаколах дакладна пазначаны толькі адрас, па якім яе затрымалі, усё астатняе не мае дачынення да рэальных падзей. Яна настойвае, што прыехала ў ДК, каб зарэгістравацца для асвятлення мерапрыемства, куды яе не пусцілі. А потым затрымалі на выхадзе з будынка.

У выніку ў працэсе быў абвешчаны перапынак, падчас якога суд меў намер запатрабаваць відэазапісы з камер назірання Палаца культуры, дзе Калініна была затрыманая. Паралельна з чаканнем атрымання судом запісаў з відэакамер Надзея і яе адвакат збіраюць звесткі, якія пацвердзяць, што яна знаходзілася ў будынку Мінскага гарадскога Палаца культуры і не ўдзельнічала ў пікеце ля дарогі.

Як расказалі TUT.BY удзельнікі мерапрыемства, амаль усе яны апынуліся ў зале да 15.40 — іх папрасілі заняць месцы загадзя, нават тых, хто паліў на вуліцы ў гэты час.