Зборшчык подпісаў за «Народны рэферэндум» атрымаў трое сутак арышту
Трое сутак адміністрацыйнага арышту атрымаў сябра Руху «За Свабоду», зборшчык подпісаў Уладзіслаў Кашалёў. Суд палічыў, што ён праводзіў сход жыхароў інтэрната.
«Маразм перамог!» — пракаментаваў сайту Pyx.by прысуд першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», адзін з лідараў «Народнага рэферэндуму» Юрась Губарэвіч.
Па ягоных словах, «суддзя Паўлоўская, абапіраючыся на паказанні сведкі Зінаіды Казлоўскай, знайшла ў дзеяннях зборшчыка подпісаў прыкметы правядзення схода жыхароў інтэрната на адным з паверхаў». «Чаго, на самой справе, не было ні ў рэальнасці, ні нават у пратаколе», — падкрэсліў Губарэвіч.
У выніку - трое сутак адміністрацыйнага арышту, адзначыў ён. Па ягоных словах, прысуд – беспрэцэдэнтны і будзе абскарджаны.
Кашалёў быў затрыманы 30 кастрычніка ў Мінску нібыта за падрыхтоўку масавага мерапрыемства. Увечары 28 кастрычніка ў інтэрнаце аднаго з прафесійна-тэхнічных каледжаў пад час збору подпісаў за «Народны рэферэндум» яго затрымала намесніца дырэктара па выхаваўчай працы навучальнай установы і кіраўніца раённай арганізацыі «Белай Русі» Зінаіда Казлоўская. Яна выклікала міліцыю, але хлопец сышоў да прыезду нараду.
30 кастрычніка прадстаўнікі "Народнага рэферэндума" паспрабавалі сустрэцца з Казлоўскай, каб патлумачыць незаконнаць ейных дзеянняў, але яна зноў выклікала міліцыю. Міліцыянты палічылі, што рэферэндум – гэта масавае мерапрыемства, таму зборшчык вінаваты ў арт. 23.34 (падрыхтоўка правядзення масавага мерапрыемства) КоАП. Кашалёў быў затрыманы да суда, які распачаўся 30 кастрычніка. Аднак у той дзень суддзя не здолела прыняць рашэння, і сябра Руху "За Свабоду" быў вызвалены з-пад варты. Сёння суд працягнуўся.