Жарсці па пагонах

Мужны — муж, мужчына. Такія дзіўныя і салодкія для кожнай жанчыны словы! Напярэдадні выбараў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заклікаў дзяўчат шукаць свае другія палавінкі на Плошчы. Незвычайны атрымаўся захад да выбаршчыц, але ён каштаваў яму засценкаў у КДБ.



8fc983a91396319d8c394084e2d749d7.jpg

Мужны — муж, мужчына. Такія дзіўныя і салодкія для кожнай жанчыны словы! Напярэдадні выбараў кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў заклікаў дзяўчат шукаць свае другія палавінкі на Плошчы. Незвычайны атрымаўся захад да выбаршчыц, але ён каштаваў яму засценкаў у КДБ.
У тую ноч інтымныя спатканні здзейсніліся, але скончыліся кепска. Мужчыны на пару з адшукаўшымі іх дзяўчатамі падчас жорсткага разгону былі збітыя, схопленыя і кінутыя за краты. Астатніх, каго выпадкова абмінуў хапун, пазней расшуквалі, дапытвалі і катавалі ў КДБ, іх сваякі патрапілі пад віхраслуп гвалтоўных ператрусаў. Практычна ўсе, хто мог кінуць цень на постаць Іхняй Вялікасці, былі пазбаўлены асабістых кампутараў, ноўтбукаў, тэлефонаў і г.д. Гэтыя падзеі я іранічна назвала «днямі адчыненых дзвярэй». Яны нагадалі мне пра недалёкае камуністычнае мінулае.
Тады прадстаўнікі кіруючай наменклатуры заўсёды няблага жылі за кошт нарабаванага ў насельніцтва дабра. І ад пачатку рабаванне прыкрывалася прывабнымі лозунгамі. «Мір — народам!», «Зямля — сялянам!», «Улада — саветам!». Але замест міру камуністы прынеслі войны, у тым ліку па вынішчэнні ўласнага насельніцтва; замест сваёй зямлі сяляне атрымалі калгасы і раскулачванні; саветы ж сталіся ілжэдэмакратычнай абгорткай дыктатуры.
Яшчэ з дзяцінства я добра памятаю, што стаўленне да людзей у міліцэйскай форме было кепскае. Іх баяліся, але не паважалі. На лавах у дворыках бабулі з насцярогай праводзілі позіркам міліцыянераў. Магчыма, помнілі тыя жахі, што масава ўчыняліся прадстаўнікамі ЧК—ДПУ—НКУС, МДБ—КГБ.
Нечаканая дэталь раптам ажывіла ў памяці і той дворык дзяцінства, і тых бабулек на лавачках, і тое ўспрыняцце людзей у форме. Трымаю ў руках газету «Работа для Вас». Бачу адразу некалькі абвестак з вакансіямі на пасаду міліцыянта і міліцыянта-кіроўцы. «Няўжо іх не хапае?!» — першая рэакцыя. І другая: «Ого, колькі даброт ім у абмен за спакусу паздзекавацца з людзей ад імя ўлады!» Стабільны заробак, сацыяльныя гарантыі, абмундзіраванне, магчымасць бясплатнага навучання ў вышэйшых і сярэдніх установах МУС Рэспублікі Беларусь з захоўваннем заработнай платы! Пенсійнае забеспячэнне — з 45-ці гадоў! Менавіта так: матэрыяльныя даброты за права паздзекавацца, а не за ахову маёй бяспекі.
Я бачыла, як чалавекападобныя ў спецназаўскай форме 19 снежня ля станцыі метро «Плошча Леніна» павалілі на зямлю і збівалі ў кроў жанчыну сярэдняга ўзросту. Шок ад убачанага, і не магу забыцца: жанчына на снезе, а вакол 7–8 амапаўцаў, з дубінкамі на ўзмах. У народзе кажуць — «мяцелілі». Астатніх людзей, раздробленых на маленькія часткі, адсоўвалі ў метро, і нельга было дапамагчы…
Мая жаночая сутнасць крыкам крычыць: «Як жа гэта так, чаму зграя узброеных мужыкоў збівала паваленую на зямлю, непрытомную жанчыну?» З дзяцінства помню запаветы з мужчынскага кодэксу годнасці: ляжачага не б’юць, біцца са слабейшым — ганьба, жанчыну біць — ты не мужчына». Дык што не так? Збой у сістэме? Ці баевікоў са спецслужбаў заразілі нейкім злаякасным вірусам, і яны не ведаюць, што твораць? Атрафія мозгу і рабская псіхалогія ўшчэнт вытравіла з іх душаў адчуванне мужчынскай годнасці?
Ноччу 19 снежня спецназавец зламаў нагу 22-гадовай Мае Абромчык. Дактары кажуць, што пералом быў прафесійным: білі, каб зламаць. У звязку з гэтай гісторыяй мушу сказаць усім подлым і хлуслівым асобам, якія маюць нахабнасць заяўляць: «А няма чаго было хадзіць. Вас жа папярэджвалі». Мая Абромчык на акцыі 19-га не была, не паспела патрапіць… Больш таго, сярод затрыманых і кінутых у СІЗА ў тую ноч было шмат людзей, якія і блізка не падыходзілі да Плошчы, былі схоплены наводдаль ад яе. Хтосьці па дарозе дадому пасля асабістых спраў, хтосьці на тралейбусным прыпынку.
І яшчэ хачу сказаць тым, хто абраў іншую формулу жыцця, хто скарыўся, схаваў у кішэню свой гонар, хто не рызыкуе заступіцца за сябра ці знаёмага, хто з-за страху перад начальствам галасуе «так, як загадана»: гэта зусім не значыць, што бяда вас абміне, зачэпіцца за кагосьці іншага, «няправільнага», бел-чырвона-белага. У нас зусім неабавязкова мець адметны светапогляд і ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны, каб апынуцца ў турме, быць збітым ці забітым. Калі вы апранулі на вочы ружовыя акуляры, гэта не значыць, што людзі ў форме не павыбіваюць у іх шкло. Узгадаем хаця б дзяўчыну з Рагачова, якую п’яны ўчастковы міліцыянт застрэліў у галаву. Так, яго судзілі. Але здзіўляюць абставіны, якія прадвызначылі гэтую трагедыю. Кампанія міліцыянтаў, адзін з якіх п’яны, са зброяй, спакойна разгульвала сярод мірнага насельніцтва, дыктавала сваю волю.
* * *
За 16 апошніх гадоў Беларусь заняла вядучае месца сярод краінаў свету па колькасці міліцыянтаў на душу насельніцтва! Стала страшна хадзіць па вуліцах! Нематываваныя напады, затрыманні і арышты па смехатворных і надуманых абвінавачваннях, ліпавыя справы, ілжэсведчанні на судах! На вуліцах на кожным кроку — міліцыянт.
За апошнія 16 гадоў Беларусь заняла лідуючае месца сярод краінаў свету па колькасці крымінальнікаў на душу насельніцтва! Дык чым займаюцца спецслужбы? Абмундзіраваннем і стабільным заробкам дзяржава яшчэ забяспечыць можа, але ж культуру і добрыя манеры штучна не навяжаш! Якімі, напрыклад, нормамі маралі кіраваліся тыя дзяржаўныя злачынцы, якія давялі да самагубства праваабаронцу Яну Палякову? Сапраўды, насілля, хітрасці і подласці трэба было прыкласці шмат, каб прымусіць добрага, светлага чалавека, маладую жанчыну звесці рахунак з жыццём! Ці не жадаюць людзі ў форме і пагонах выконваць свае прамыя абавязкі?!
Некаторыя знаёмыя супакойваюць, кажуць, што ёсць сярод іх і добрыя людзі. Жанчыны, не лямантуйце! Сапраўдныя мужыкі ёсць! Яны адмовіліся ісці супраць свайго народа, адмовіліся збіваць жанчын у кроў, ламаць ім ногі і рукі, ставіць беларусаў на расцяжку ў засценках КДБ!
Яны своечасова скінулі з сябе ганебную форму і атрыбутыку. Гэта мужчыны, якія заўсёды будуць выклікаць захапленне і павагу. Іх імёны ўжо ўвайшлі ў гісторыю.
Уладзімір Барадач, былы кіраўнік Мар’інагорскай брыгады спецназу, — у 1996 годзе выступіў у абарону Канстытуцыі, адкрыта заявіў, што «на Беларусі павінен панаваць не пахан, а Закон», з-за пераследу быў вымушаны  з’ехаць у эміграцыю. Аляксандр Класкоўскі, былы міліцыянт — 19 снежня 2010 года на Плошчы спрабаваў стрымаць спецназаўцаў, угаворваў іх не збіваць безабаронных людзей; затрыманы і жорстка збіты, зараз утрымліваецца пад следствам. Юрый Захаранка, былы міністр унутраных спраў Беларусі — адмовіўся парушаць законы, у выніку бясследна знік. Мікола Аўтуховіч, удзельнік афганскай кампаніі — за спробу абірацца кандыдатам у дэпутаты, а таксама за змаганне з карупцыяй у вышэйшых эшалонах улады быў незаконна пакараны па сфабрыкаванай справе і асуджаны да 5 гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Мікалай Статкевіч, палкоўнік у запасе, стваральнік і кіраўнік беларускага згуртавання вайскоўцаў, дэмакратычны палітык, кандыдат у прэзідэнты — неаднойчы галадаў у абарону правоў беларусаў, зараз знаходзіцца за кратамі, пад следствам. Мікалай Казлоў, падпалкоўнік міліцыі — адмовіўся ўдзельнічаць у фальсіфікацыях выбараў, патрабаваў распачацця крымінальнай справы па фактах фальсіфікацый на сваім участку. Міхаіл Казлоў, падпалкоўнік міліцыі — займаўся расследаваннем карупцыйных спраў высокапастаўленых чыноўнікаў, быў асуджаны па крымінальнай справе разам з Мікалаем Аўтуховічам і іншыя.
Раней пры знаёмстве з мужчынамі я не цікавілася іх службовым статусам. Гэта для мяне не было прыярытэтным. Калі чалавек інтэлектуальны, прыгожы, цікавы, дык навошта разбірацца ў яго пасадах? І мне шэнціла. Каханыя не насілі пагоны, не былі чыноўнікамі і, тым больш — шасцёркамі, прыслугачамі. Але шмат што змянілася з таго часу. І сёння на знакі ўвагі з боку асоб процілеглага полу мой розум рэагуе сполахам мноства думак: толькі б не міліцыянт, не амапавец, не сябра БРСМ!
Вядома, у кожнай жанчыны — свой адметны густ. Але тупая чалавекападобная істота ў берцах, якая рэагуе толькі на каманду «фас», наўрад ці можа выклікаць хоць нейкую павагу. Пра сэксуальнасць тут лепей памаўчаць. Будзь сабе гэтая істота хоць тройчы ў біцэпсах-трыцэпсах. Бо не сцерці са стужкі свядомасці страшныя кадры, як біяробаты ў чорным, выконваючы каманду «фас», кідаюцца на людзей, збіваюць з ног, збіваюць нагамі і дубінкамі. Няўжо іх саміх ад сябе саміх не ванітуе?
Таму, асобы ў форме і пагонах, скажу вам па сакрэту, калі няма смеласці не выслугоўвацца за грошы, мець чалавечую годнасць, нічога акрамя жалю і агіды вы не выклікаеце. У жанчыны ніколі не ўзнікне жадання спаць з гадам. Дзяржаўнай сістэме такія патрэбны імпатэнтамі. Такімі вы і будзеце, калі не ў наўпроставым, то ў маральным плане. Пакуль не знойдзеце смеласці забіць у сабе гада. Лінгвістыка тут як ніколі дарэчы. У перакладзе з беларускай мовы на рускую слова «гад» азначае «пресмыкающееся, тварь». І тут ёсць толькі чорнае і белае, без аніякіх адценняў. З дакладнасцю па Дастаеўскаму: альбо ты «тварь дрожащая», альбо «право имеешь». Не бывае ў нас так, каб напалову міліцыянер, а напалову супраць гвалтоўнага рэжыму. Бо прынцыпы не дзеляцца.
Ды будуць мужыкі мужчынамі.