«Зялёны» партызанінг: мінчане ствараюць аазісы ў цэнтры горада

Пакуль чыноўнікі імкнуцца максімальна ўшчыльніць гарадскую прастору шкляной забудовай пад гандлёвыя і бізнэс-цэнтры, шматлікія незалежныя ініцыятывы ўзяліся пераўвасабляць непрыкметную завадскую забудову ў культурніцкія і экалагічныя кластэры.

partyzaning_98.jpg

Пры гэтым пад змяненне патрапляюць не толькі халодныя шэрыя сцены памяшканняў, але дваравыя тэрыторыі вакол. 

Культ.цэнтр «КОРПУС»: кіно, агародзік і пляж

 Культ.цэнтр арандуе першы паверх аднаго з карпусоў завода «Гарызонт». З самага першага моманту свайго з’яўлення пляцоўка ярка заявіла пра сябе, перажыла перыяд заняпаду і пачала другое жыццё. Сёння гэта не проста зала пад канцэрты, у сценах «КОРПУСА» праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы, культурніцкія івэнты, выставы, канферэнцыі і майстар-класы.

 

partyzaning_1.1.jpg

 «Маючы такі выдатны дворык, у нас зарадзілася ідэя арганізаваць з яго пляцоўку, дзе людзям хацелася б праводзіць час», — распавядае Марыя.

Па перыметры ўжо пачаў фарміравацца гарадскі агародзік, які, па словах дзяўчыны, зробіць месца больш зялёным і ўтульным: «Напачатку мы хацелі проста пасадзіць хмызняк, а пасля задумаліся пра пладовыя расліны, зрабіць загарадзь з вінаграду, гэта прыгожа і практычна», — кажа яна

 

partyzaning_1.2.jpg

Аднак пракансультаваўшыя са спецыялістамі, апынулася, што не ўсё так проста ў гэтай справе. Пад пладовыя дрэвы патрабуецца значна больш прасторы, дый з улікам мінулага гэтага месца, глебу абавязкова трэба ачышчаць ад будаўнічага смецця і даследаваць.

«Таму перавагу мы аддалі ўсё ж кустам, каб пакінуць большую тэрыторыю пад лавачкі і арт-аб’екты. Тым больш летам плануецца арганізаваць кінатэатр. Пастараемся скарыстацца сістэмай, калі наведвальнікі слухаюць музыку і глядзяць фільмы ў навушніках, каб не перашкаджаць суседнім жылым дамам», — тлумачыць Марыя.

partyzaning_8.jpg

partyzaning_2.jpg

partyzaning_14.jpg

Акрамя ўсяго ў дворыку мусіць з’явіцца пляцоўка для петанка. А дзякуючы архітэктарам і дызайнерам тэрыторыя каля цэнтральнага ўваходу ў «КОРПУС» стала «абрастаць» карыснымі і незвычайнымі аб’ектамі.

І на гэтым Культ.цэнтр спыняцца не намераны:

«Адназначна будзем рабіць навес над тэрасай. А таксама… — з захапленнем прыгадваем Марыя, — ...план на лета: прывезці пясок, паставіць шэзлонгі і зладзіць тут пляж з палівачкамі і брызгалкамі для тых, хто ў спякоту застаецца ў горадзе. Людзі змогуць пагайдацца ў гамаках, пахадзіць па пясочку, пааблівацца з сябрамі вадой, набыць ахалоджваючы ліманад. А вечарам паглядзець які-небудзь фільм ці наведаць лекцыю, майстар-клас, тэатральнае відовішча».

 

partyzaning_1.3.jpg

partyzaning_15.jpg

 У Асмолаўцы закладаецца традыцыя гарадскога агародніцтва

 Па суседству з карпусамі завода «Гарызонт» знаходзіцца, бадай, самы зялёны жылы раён Мінска — Асмолаўка. Сярод ціхай зацені дрэваў гэтай вясной мясцовыя жыхары і гарадскія актывісты разбілі невялікі агародзік паміж дзіцячым садком і адным з дамоў. 

partyzaning_2.1.jpg

 «У гэтым месцы глеба рыхлая, відавочна раней тут нехта ладзіў агародзік, — заўважае Марта, тыкаючы ў баразну сявок. — Да ўсяго, перакопваючы, знайшлі суніцы і акуратна перасадзілі іх».

Дзяўчаты не на жарт вырашылі акультурыць прастору двара, каб акрамя кветніка была і практычная яго частка. Сваімі сіламі прыбралі бытавое смецце, расчысцілі зараснікі, распланавалі, дзе і што садзіць. Сярод старэйшага пакалення мясцовых жыхароў ініцыятыва маладых відаць выклікае захапленне і інтарэс. Непасрэдна ў працэсе да Марты і Дзіаны падыходзяць мужчыны з пытаннем «дзе трэба ўскапаць?», падцягваецца бабуля і зацікаўлена аглядае фронт работ, дзеліцца аповядамі пра рассаду на сваім падваконні.

 

partyzaning_2.2.jpg

«Мне хочацца, каб гэта месца стала прыкладам для астатніх апантаных ідэяй азелянення і гарадскога агародніцтва. Каб тут можна было праводзіць тэматычныя майстар-класы, сустрэчы, лекцыі, адразу вучыць нейкім практычным навыкам», — кажа Марта.

Па словах дзяўчыны, яна на шляху да ажыццяўлення сваёй мары — стварыць базу падобных месцаў для абмену вопытам, каб з адзінкавых ініцыятыў развіўся цэлы рух. А пакуль далучыцца да асмалаўскага агародзіка можна праз суполку ў facebook.

 

partyzaning_2.3.jpg

partyzaning_2.4.jpg

Гарадскі агародзік за Галерэяй «Ў» на парозе новага жыцця

 Вось ужо 2 гады за Галерэяй сучаснага мастацтва існуе невялікі гарадскі агародзік, які ў свой час разбіла адна з выпускніц Школы экалагічнага актывіста Таварыства «Зялёная сетка». Аднак, на жаль, зараз ініцыятыва перажывае не лепшыя свае часы з-за адсутнасці асобы, якая б магла цалкам узяць клопаты і даглядаць агародзік.

Таму актывісты і актывісткі Зялёнай сеткі сумесна з валанцёрамі і валанцёркамі таварыства вырашылі аб’яднаць намаганні, каб падарыць месцу другое жыццё.

 

partyzaning_3.1.jpg

На першай сустрэчы агароднікі навялі невялікі парадак: ачысцілі скрыні і клумбы ад пустазелля і мінулагодняга сухастою, прыбралі смецце, а таксама склалі спіс неабходных актыўнасцяў.

 

partyzaning_3.2.jpg

partyzaning_76.jpg

«Я ўжо ўяўляю, як гэта месца ператвараецца ў тусовачнае і для адпачынку. Тут можна сустракацца глядзець кіно па вечарах ці прыходзіць і ў цішы чытаць кнігу… Хочацца, каб гэтым месцам пачалі карыстацца на яго карысць і ў сваё задавальненне», — кажа Ксенія. 

partyzaning_3.4.jpg

 З улікам, што працы наперадзе шмат, усіх зацікаўленых запрашаюць далучыцца да арганізацыі агародзіка:

«Месца публічнае, гарадское і першапачаткова было разлічана на самаарганізацыю і інтарэс гараджан. Таму, калі вы хочаце паўдзельнічаць, штосьці пасадзіць, праявіць нейкую цікавую ініцыятыву для развіцця гэтага месца, то шчыра запрашаем! Дадатковыя рукі і ідэі нам заўсёды патрэбны», — дадае Каміла.

partyzaning_3.3.jpg

partyzaning_3.5.jpg

partyzaning_79.jpg

Хрысціна Чарняўская, greenbelarus.info

Фота аўтара