Зміцер Дашкевіч пра здраду, крыўду на спецслужбы і абарону Курапат

Ці заўсёды трэба адстойваць свабоду сваёй думкі, ці заўжды супраціў ― шлях да перамогі, што стаіць за «справай патрыётаў», ці варта падпісваць згоду аб супрацоўніцтве са спецслужбамі, каб выйсці на волю?

Зміцер Дашкевіч, фота Змітра Лукашука

Зміцер Дашкевіч, фота Змітра Лукашука


На гэтыя ды іншыя пытанні Зміцер Дашкевіч адказаў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Я найперш ― бацька, муж, цясляр і змагар. Свой выбар я зрабіў пад уздзеяннем рэферэндуму 1995 году. Калі ён праводзіўся, мне было 13 гадоў і я плакаў, калі дралі на шматы сцяг бел-чырвона-белы ― не мог зразумець, чаму нацыя выракаецца сваіх сімвалаў. Гэты дзіцячы боль, магчыма, стаў прычынай, чаму я далучыўся да “Маладога фронта”.
Калі мяне арыштавалі ў 2006 годзе, я стаяў ― што мне рабіць? І мне прапанавалі адмовіцца ад сваіх поглядаў. Гэта пазбавіла б ад крымінальнай адказнасці. Як можна здрадзіць сябрам, разам з якімі я дзейнічаў? Калі ўжо турма, то я мушу гэты шлях прайсці.
Зона ў 2006 годзе моцна адрознівалася ад зоны сённяшняй. Раней цябе саджалі, і ты проста сядзеў, а цяпер табой і днём і ноччу займаюцца.
Мне ніводнага разу не прапаноўвалі супрацоўніцтва са спецслужбамі. Магчыма, недаацэньваюць мой патэнцыял. Нават крыўдна. Усё, што прапаноўвалі, калі мяне пераводзілі з зоны ў зону, ― ламалі падпісаць прашэнне на імя прэзідэнта.
Калі мы, шэсць чалавек, прыйшлі ў Курапаты, было ідыятызмам меркаваць, што мы нечага даможамся. Я там будаўнікам у нейкай дзёрзкасці крычаў: “Вы тут нічога не пабудуеце!”, а потым сам сабе думаў: “Што я вярзу такое?!”. І на трэці дзень качання ў тых калюжынах, я ўжо маліўся, каб нас пасадзілі проста. Каб прыйшоў АМАП і нас пасадзілі. Але мы там былі дзеля свайго сумлення.
Я аднолькава праціўнік як гетэрапарадаў голых, так і гомапарадаў голых. Прыватнае сексуальнае жыццё няхай застаецца прыватным сексуальным жыццём. І я супраць таго, каб нехта меў права лезці ў гэта прыватнае жыццё ― выбіваць дзверы, арыштоўваць за гэтае жыццё.
У Курапатах некалькі разоў за апошні час бачылі людзей і накідках “Белай Русі” ― яны там прыбіралі. Цудоўна. Людзі нарэшце, праз 30 гадоў, прыйшлі ― няхай прыбіраюць. Гэта цудоўнае супрацоўніцтва з уладай. Але калі яны захочуць навязаць сваё бачанне таго месца, заліць усё ў бетон і цыбуліны праваслаўнай царквы там насадзіць, то гэта ўжо не тое супрацоўніцтва і дапамога.
Калі ёсць канкурэнцыя паміж людзьмі, паміж палітыкамі, у палітычнай ды эканамічнай сферах, то ніколі не пальецца кроў. Кроў праліваецца там, дзе ёсць маніякальная прага ўлады, грошай, уплыву і гэтак далей.
Часта апазіцыйныя актывісты выбарчай тэматыкай прыкрываюць сваё нежаданне працаваць паміж электаральнымі кампаніямі. Нам не трэба было ніякай электаральнай кампаніі, каб не ў самы зручны час пайсці і збіраць подпісы за бел-чырвона-белы сцяг. Ці каб пайсці на абарону Курапат.
Трэба дамагацца зменаў праз выбары. Але праблема беларускай сітуацыі ў тым, што нам трэба дамагчыся, каб выбары былі. Калі мы іх не даможамся, то і далей будуць такія фармулёўкі: “Нехта патрапіў у парламент”. Сёння ўсе, хто сядзіць у парламенце ― прызначаныя людзі.
Дзе былі гэтыя дэмакратычныя дэпутаты, калі арыштоўвалі на суткі, чаму гэтыя людзі не ламіліся ў КДБ, калі патрыётаў валаклі ў КДБ, дзе гэтыя дэпутаты былі, калі Сяргей Пальчэўскі клаўся пад бульдозер? Я б мог іх паважаць, калі б было нейкае дзеянне, нейкі рух. Сядзець, тыркаць кнопкі і распавядаць, як яны прагаласавалі ― гэта проста смешна.
Дамагчыся зменаў магчыма тады, калі мы навучымся быць вернымі ў малым. Праблема прыхільнікаў перамен у тым, што мы, застаючыся нявернымі ў малым, увесь час прэтэндуем на вялікае. Навошта чакаць змены рэжыму, каб пачаць сваіх дзяцей вучыць размаўляць па-беларуску ― чаму цяпер не рабіць гэтага? Бо гэта патрабуе высілкаў? Калі б тры мільёны чалавек, якія ў сацапытаннях выступаюць за беларускую як адзіную дзяржаўную мову, заўтра выйшлі і пачалі размаўляць па-беларуску ― гэта б ужо была іншая дзяржава. Гэтага не адбываецца. Але мы ўвесь час разважаем, як дамагчыся ўлады, як зрынуць рэжым.
Трэба не пра амбіцыі разважаць, а рабіць простую справу. Мяне часам папракаюць, што я ў калюжынах у Курапатах валяюся, па слупах лажу ці ўлёткі раскідваю. Маўляў, не твая гэта справа! Я хто палезе? Я маю права некага да нечага заклікаць калі сам гэта раблю.
euroradio.fm