Прэмію «За свабоду думкі» атрымаў Зміцер Дашкевіч
На радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёна, 17 чэрвеня
прайшлі ўрачыстасці да 93-х угодкаў пісьменніка, у тым ліку была
ўручана прэмія «За свабоду думкі».
Гэтым разам прэмію атрымаў лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.
Палітык адзначаны за кампанію абароны Курапатаў, узнагароду ён атрымаў з рук краязнаўцы Ады Райчонак.
Прэмія «За свабоду думкі» існуе з 2008 году, за гэты час яе атрымлівалі славутыя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыка Лявон Вольскі, спевакі-барды Зміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч. Рэжысэр Валер Мазынскі атрымаў дыплом лаўрэата летась.
Чытайце таксама: Свабоды не бывае без свабоды думкі (фотарэпартаж)
Сёлетняя прэмія юбілейная, яна ўручаецца дзясяты раз.
Паводле традыцыі, лаўрэаты атрымалі памятны дыплом і скульптуру аўтарства Віктара Копача.
Ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» абірае адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы, уганараваныя гэтым званнем у мінулыя гады. У лік намінантаў трапляюць тыя, хто найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадскай, прафесійнай альбо творчай дзейнасці на карысць Беларусі і свабоды.
Фота Аксаны Колб
Як і ў мінулыя гады, сёлетнія ўрачыстасці на радзіме Васіля Быкава традыцыйна ладзілі віцебская абласная філія Таварыства беларускай мовы і рух «За свабоду».