Зміцер Дашкевіч: Адзіная зброя супраць "рускага свету" — беларуская мова

Круглы стол, што адбыўся на сядзібе Партыі БНФ 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы (501 год таму адбылася пераможная Аршанская бітва), быў прысвечаны актуаліям сённяшняй эпохі. Ягоная тэма гучала так: "Рускі свет" як надзённая пагроза сучаснай Беларусі".



У мерапрыемстве, арганізаваным грамадскай актывісткай Ганнай Шапуцька, прынялі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, "Маладога Фронту", руху салідарнасці "Разам", Руху "За Свабоду", "Беларускага руху".

Ва ўступным слове Ганна Шапуцька адзначыла, што беларускае грамадства мусіць, пакуль не запозна, супрацьстаяць "рускаму свету", які паступова, па ўсіх кірунках захоплівае Беларусь.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч у сваім выступе цалкам падзяліў заклапочанасць Ганны Шапуцькі. Ён падкрэсліў, што асноўная пагроза нацыянальным інтарэсам Беларусі палягае на Ўсходзе. Паводле яго слоў, па прычыне масіраванай прапаганды і моцнага культурніцкага ўплыву з боку Расіі ідэя "рускага свету" валадарыць у галовах многіх беларусаў, якія гатовыя, умоўна кажучы, выступіць "5-й калонай". Янукевіч мяркуе, што існуе рэальная пагроза ўнутранай акупацыі. Да таго ж, паводле слоў старшыні ПБНФ, Расія зрабіла высновы з падзеяў ва Ўкраіне, калі кулуарных дамоваў з былым прэзідэнтам Украіны Януковічам аказалася недастаткова для пашырэння "рускага свету" на поўдзень. Дзякуючы супраціву грамадства перамог Еўрамайдан. Цяпер Масква актыўна "апрацоўвае" грамадскі сектар у Беларусі.

Наступны выступоўца, намеснік старшыні ПБНФ Ігар Лялькоў заявіў, што справа Астрожскага не завершаная, унутраная акупацыя Беларусі ўжо адбываецца. Апірышча "рускага свету" атабарылася ў адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ягоным інфармацыйна-аналітычным цэнтры. Паводле дакладчыка, ідэолагі "заходнерусізма" і проста наменклатура, лаяльная Маскве абапіраецца на тры слупы: сілавыя структуры, Рускую праваслаўную царкву і недзяржаўныя арганізацыі, якія актыўна падтрымлівае грашыма Расія. Ігар Лялькоў лічыць, што без змены ўлады эфектыўная барацьба з "рускім светам" немагчымая.

Адзін са складальнікаў спісу "Чорная сотня" (недзяржаўныя арганізацыі на Беларусі, якія прасоўваюць у Беларусі ідэю "рускага свету"), старшыня "Маладога Фронту" Зміцер Дашкевіч адзначыў, што адзіная сур'ёзная зброя супраць пашырэння рускай ідэалогіі на сённяшні дзень — беларуская мова. Зміцер заклікаў як мага часцей карыстацца роднай мовай у публічнай прасторы і заахвочваць размаўляць па-беларуску сваякоў і сяброў.

Святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Акаловіч акцэнтаваў увагу на дэструктыўнай ролі Беларускай праваслаўнай царквы, як адгалінавання РПЦ у пабудове нацыянальнай беларускай дзяржавы. БПЦ, на думку выступоўцы, антыбеларуская па сутнасці: мітрапаліт ні разу не правёў беларускамоўную службу, ідзе паўсюдная русіфікацыя набажэнстваў, беларускія храмы перарабляюцца на маскоўскі лад.

Айцец Акаловіч заклікаў падтрымліваць Украіну, бо "там зараз наш фронт барацьбы".

Па выніках круглага стала была створана працоўная група для падрыхтоўкі форума і распрацоўкі дакументаў, якія будуць на ім прынятыя. Хутчэй за ўсё пашыранае мерапрыемства на тэму пагрозы "рускага свету" з удзелам палітыкаў і грамадскіх актывістаў адбудзецца ў лістападзе.