Зміцер Дашкевіч: «Як бы ні было цяжка, наш час набліжаецца, а іхні мінае»

Палітвязень спадзяецца на вызваленне ў наступным месяцы. Пра гэта Зміцер напісаў у лісце журналісту Барысу Вырвічу.



dashkievic.jpg

Ліст ад палітвязня, адпраўлены 3 ліпеня, Барыс Вырвіч атрымаў сёння, піша ПЦ «Вясна».

У прыватнасці, у лісце Зміцер Дашкевіч з гумарам паведамляе:

«У мяне самога ўсё добрасяджу. Пачытваю незалежныя выданні і штодня СБ. У любую хвіліну ночы магу выдаць набор установак пра капіталізм, які загнівае. Калі ўсё будзе спакойна, то ў наступным месяцы можа ўжо і выберуся з палону. Будзем глядзець па сітуацыі, а то я ўжо разок выбіраўся быў».

Таксама ў сваім лісце Зміцер Дашкевіч выказвае скептычнае стаўленне да нібыта маючай адбыцца ў нашай краіне «лібералізацыі» і выказвае меркаванне, што «як бы ні было цяжка і беспрасветна, але наш час набліжаецца, а іхні мінае».

Як і заўсёды, заканчвае Зміцер ліст словамі з Бібліі: «Яшчэ трохі, і злачынца не стане; паглядзі на месца ягонае, і няма яго» (Пс.36:10).

spring96.org