Змітра Паліенку не далячылі, але перавялі ў калонію

Нягледзячы на тое, што палітвязень Зміцер Паліенка да канца не ачуняў, яго перавялі з Жодзінскага шпіталя ў Бабруйскую калонію, дзе ён адбывае пакаранне.

palienka_21_1.jpg


«Змітра «паднялі» ў атрад, але яго ногі (экзэму на іх) не далячылі», — распавяла сяброўка актывіста Марына Насенка.

Нагадаем, 27 сакавіка Зміцера Паліенку перавялі з Бабруйскай калоніі, дзе адбывае пакаранне палітычны зняволены, у лякарню ў Жодзіна. Хлопец меў сур’ёзныя праблемы са здароўем (больш за 7 месяцаў не загойвалася рана на назе), але мясцовыя турэмныя ўрачы ніяк не маглі паставіць дыягназ. У выніку дактары дыягнаставалі ў яго бактэрыяльную экзэму. Пасля курса лячэння хлопца накіравалі для адбыцця пакарання назад у калонію, але, як стала вядома, праблема не вырашылася поўнасцю

«Акрамя гэтага, з’явіўся дэрматыт. Зміцер кажа, што вельмі складаная працэдура, каб даслаць яму неабходныя лекі. У калоніі працягваюць лекаванне, але, разумеючы асаблівы статус Змітра і самі ўмовы пеніцытарных устаноў Беларусі, мы з сябрамі і таварышамі не верым у тое, што медычная дапамога з боку адміністрацыі ПК-2 адбываецца ў патрэбнай ступені», — адзначае Марына Насенка.

З яе слоў, Зміцер з нецярпеннем чакае заканчэння тэрміна адбыцця пакарання, які павінен скончыцца 24 кастрычніка гэтага году, але хацелася б, каб грамадская салідарнасць дапамагла яму вызваліцца раней.

Зміцер Паліенка — сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у мірным сходзе «Крытычная маса», які адбываўся 29 красавіка 2016 года ў Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

У красавіку 2017 года судом Заводскага раёна Мінска было разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суда ў 2016 годзе).

Паводле palitviazni.info