Змяніць свет, атрымаць iPhone Xs і паехаць на TEDx у Аўстрыю

У Беларусі аб’яўлены конкурс праектаў velcom YOUTH для старшакласнікаў, якія хочуць змяніць навакольны свет да лепшага.

velcom_youth.png


У навучэнцаў 10-11-x класаў будзе магчымасць атрымаць неабходныя веды і рэалізаваць праект па цікавай для сябе тэме. Лепшыя з лепшых выступяць на TEDxYouth@Minsk і атрымаюць iPhone Xs. А галоўныя пераможцы паедуць на TEDx у Аўстрыю. Адметная рыса праекта velcom YOUTH – уся камунікацыя ад падачы заяўкі да прэзентацыі праекта ў фінале будзе весціся на беларускай мове.
Згодна з палажэннем, падлеткам неабходна прапанаваць сваю тэму ў адным з трох напрамкаў конкурсу: тэхналогіі, культура, інклюзія. У іх будзе магчымасць прыняць удзел у шэрагу воркшопаў, а пасля рэалізаваць сваю ідэю і зняць пра гэта відэаролік, які ацэніць журы конкурсу. 10 фіналістам будзе прапанавана прыняць удзел у выніковай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk і прэзентаваць сваю ідэю ў выглядзе публічнага выступу.
Прыём заявак для ўдзелу ў конкурсе будзе праходзіць з 15 кастрычніка па 11 лістапада. У заяўцы трэба пазначыць тэму выступлення і абгрунтаваць свой удзел у конкурсе velcom YOUTH. Падаваць заяўкі могуць навучэнцы 10-11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Усе заяўкі будуць разгледжаны, і будзе сфарміраваны спіс удзельнікаў наступных этапаў праекта.
Сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH рэалізуецца кампаніяй velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У аснове канцэпцыі праекта velcom YOUTH – выкарыстанне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння са школьнікамі: менавіта з іх дапамогай удзельнікі конкурсу змогуць наведаць анлайн-воркшопы, прэзентаваць сябе і свае ідэі.
«Сёння мы можам назіраць змяшчэнне акцэнтаў ад традыцыйных форм навучання ў бок інтэрактыўных метадаў, ад рашэння агульнаадукацыйных задач у бок ранняга выяўлення і развіцця прафесійных і так званых надпрафесійных навыкаў: умення ладзіць камунікацыю, працаваць у камандзе, эфектыўна планаваць сваю дзейнасць. Праект velcom YOUTH дапаможа сённяшнім школьнікам знайсці найбольш эфектыўны шлях да паспяховай самарэалізацыі і зрабіць першыя крокі ў гэтым напрамку», – адзначае дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ліс.
Кампанія velcom плануе арганізаваць падтрымку ўдзельнікаў праекта на ўсіх яго этапах у выглядзе масавых інтэрактыўных анлайн-заняткаў па тэмах «Мастацтва прэзентацыі», «Аратарскае майстэрства», «Майстэрства лідара». Яны пройдуць у выглядзе воркшопаў на вялікай пляцоўцы з трансляцыяй на бясплатным адукацыйным канале лічбавага тэлебачання VOKA – «VOKA YOUTH». Спікерамі выступяць заснавальнікі выбітных беларускіх стартапаў і прафесіяналы ў адпаведных галінах, у тым ліку прадстаўнікі кампаніі velcom.
«У сучасным свеце межы паміж краінамі робяцца ўсё больш умоўнымі – калі гаворка ідзе пра зносіны, абмен ідэямі, пошук месца атрымання вышэйшай адукацыі ці працаўладкавання. З дапамогай праекта velcom YOUTH мы вырашылі прадэманстраваць падлеткам магчымасці для рэалізацыі іх патэнцыялу – і адначасова паказаць, што ідэі, народжаныя ў Беларусі, могуць з цікавасцю ўспрымацца па-за яе межамі і нават змяняць да лепшага свет на глабальным узроўні», – заўважае начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.
З 20 студзеня па 20 лютага 2019 года ўдзельнікі конкурсу будуць мець магчымасць рэалізаваць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства: майстар-клас, дэбаты ці дыскусію па абранай тэме свайго праекта. Відэаролік з прэзентацыяй рэалізаванага праекта і доказам яго значнасці і перспектыўнасці неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH і даслаць спасылку на info@velcom-youth.by.
Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з лепшымі ментарамі. Іх выступленні адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у маі 2019 года. Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы – мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным напрамку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.
Гісторыя TED:
TED (ад англ. technology, entertainment, design – тэхналогіі, забавы, дызайн) – сусветна вядомы фармат канферэнцый, першая з якіх адбылася ў 1984 годзе ў ЗША. Іх місія – распаўсюджанне і прасоўванне ўнікальных ідэй. Сярод вядомых удзельнікаў TED-канферэнцый – Сціў Джобс, Сцівен Хокінг, Біл Клінтан і інш.TEDx – праект TED, які дазваляе асобным людзям ці групам людзей праводзіць незалежныя канферэнцыі ў фармаце і па ліцэнзіі TED.
Гісторыя TEDx у Беларусі:Першае мерапрыемства ў фармаце TEDx у Беларусі адбылося ў 2009 г. З тых часоў было праведзена 7 лакальных мерапрыемстваў. Канферэнцыя TEDxMinsk 2018 аказалася самай вялікай за гісторыю іх правядзення ў Беларусі па колькасці гледачоў, выступленняў і ўдзельнікаў.