Змова маўчання ў беларускай школе
Права чалавека на праўду — адно з самых парушаных правоў у нашым грамадстве. Думаю, што з гэтага парушэння пачынаюцца ўсе іншыя, піша Ганна Севярынец на «Свабодзе».
Мы ніколі не даведаемся, што насамрэч адбылося паміж настаўніцай расейскай мовы Валянцінай Губарэвіч і Данатам Скакуном. Гэтаксама мы наўрад ці даведаемся, чаму насамрэч Вадзім Мілашэўскі забіў Марыну Пархімовіч і Сашу Раманава.
Нават потым, калі, можа быць, адкрыюць гэтыя архівы, можа выявіцца, што там не хапае аркушаў, не супадае нумарацыя ў справах, адсутнічаюць неабходныя экспертызы, не апытаныя ўсе магчымыя сведкі альбо апытаныя невядома хто. Гэта калі пра страшнае. Але тое самае і ў нашым школьным паўсядзённым.
Сцісла
· Ніхто не прыйшоў да нас, настаўнікаў, пасля трагедыі ў Стоўбцах і не распавёў, як нам паводзіць сябе, калі ў клас прыходзіць вучань з нажом.
· Права чалавека на праўду — адно з самых парушаных правоў у нашым грамадстве. Нават калі мы не ведаем, хто складае школьныя праграмы — мы ўжо рэпрэсаваныя змовай маўчання.
· Веданне праўды — магутны рэсурс. Няведанне праўды — адарваныя рукі і вырваныя языкі.
«Калі існуе змова маўчання, заўсёды будуць плёткі і тэорыі»
Мы не ведаем прозвішчаў тых, хто складае школьныя праграмы — іх не пішуць у друкаваных выданнях. Мы не ведаем прозвішчы тых, хто выдае інструктыўна-метадычныя лісты, па якіх школа працуе ўвесь год — гэтыя прозвішчы не пішуць таксама. Мы не ведаем, хто канкрэтна стаіць за зменамі ў адукацыйным працэсе, за бясконцымі рэформамі туды-сюды, за знішчэннем гімназій, за парушанай логікай выкладання прадметаў, за з’яўленнем і знікненнем новых курсаў — мы нічога гэтага не ведаем.
Рэйтынг беларускіх школаў паводле апошняга тэставання, які трапіў у інтэрнэт дзякуючы нястомным барацьбітам за сумленную адукацыю, з’яўляецца дакументам, які чамусьці пазіцыянуецца як дакумент унутранага карыстання, прычым не для настаўнікаў нават, а толькі для кіраўніцтва. Усе свае прэтэнзіі да адукацыі грамадства адрасуе міністру, бо яго мы якраз ведаем, але такая адказнасць аднаго за ўсіх — гэта не адказнасць, гэта з гусі вада.
Я калісьці працавала ў той школе, дзе вучыўся Данат Скакун. Я ведаю дырэктарку, ведаю настаўнікаў. Мы сустракаліся з імі потым — выпадкова ці з нагоды. Ніхто з іх, добра знаёмых мне каляжанак, не сказаў ніводнага слова пра Даната. Каменнае маўчанне, нечакана празрыстыя вочы. Нават «ну ты ж сама разумееш» — нічога. Проста — маўчанне. Я была ў Стоўбцах праз некалькі тыдняў пасля трагедыі па настаўніцкіх справах, размаўляла з калегамі. Маўчанне.
Я пыталася ў шматлікіх знаёмых, якіх маю ў высокіх адукацыйных установах: з кім мне паразмаўляць наконт праграм? Спакойна, па-чалавечы, як калега з калегам? Не для друку, проста, каб зразумець, каб хаця б паспрабаваць асядлаць тую самую хвалю, на якой над акіянам ведаў лятуць яны? Гэта немагчыма.
Калі існуе змова маўчання, заўсёды будуць плёткі і тэорыі, самыя неверагодныя. Разблытаць іх, аддзяліць зерне ад шалупіння немагчыма, бо няма на што спаслацца. Грамадскае абмеркаванне ў такіх варунках заўсёды і непазбежна будзе сапраўды «уціскам на суд» — бо будзе грунтавацца абы на чым. Прыняць такое меркаванне да ведама не зможа ніхто, ніводны чыноўнік, нават самы прыстойны.
Здаецца, відавочна: каб спыніць чуткі і плёткі, каб перавесці дыялог у нармальную плоскасць, каб абодва бакі — і дзяржава, і грамадства — маглі весці гутарку на роўных, трэба праўда і галоснасць. Не падабаюцца чуткі? Дайце праўды. Не падабаецца істэрыя ў сацсетках? Спыніце змову маўчання. Калі яна не спыняецца — значыцца, так трэба.
«Праўда нам "не паложана". Любая»
Гэта не звычка з савецкіх часоў, не калектыўнае неўсвядомленае чыноўнікаў, не цямнота міністэрства — гэта цалкам усвядомленая пазіцыя, гэта сапраўдная змова супраць грамадзянаў краіны. Пасыл яе зразумелы: а хто вы такія, каб вам нешта ведаць. Будзеце шмат ведаць — будзеце роўныя нам. А вы нам не роўныя.
Веданне праўды — магутны рэсурс. Няведанне праўды — адарваныя рукі і вырваныя языкі. Ты не можаш нічога патрабаваць, калі ты не маеш грунту пад сваімі патрабаваннямі. Ты нават зразумець нічога не можаш. Ты вымушаны слухаць тых, хто ведае праўду.
Ніхто не прыйшоў да нас, настаўнікаў, пасля трагедыі ў Стоўбцах і не распавёў, як нам паводзіць сябе, калі ў клас прыходзіць вучань з нажом. Ніхто не навучыў нас, як бараніць сябе і дзяцей, калі пачынаецца разня. Замест гэтага нам на ўваходзе паставілі металашукальнікі. Яны пішчаць амаль на кожным наведвальніку, вахцёры ўжо нават не моршчацца, а дзеці, ідучы ў школу, весела гуляюцца — запішчыць ці не. Гэта ўсё, што мы атрымалі для сваёй і вучнёўскай бяспекі пасля Стоўбцаў. Праўды — не атрымалі. І не таму, што гэтая канкрэтная праўда можа нешта там пахіснуць ці некага там абрынуць з верхатуры ўлады. Проста таму, што праўда нам «не паложана». Любая.
Ані ў медыцыне, ані ў атамнай энергетыцы, ані ў будаўніцтве жылых дамоў, ані ў размеркаванні дзяржаўнага бюджэту. Нідзе.
«Ну навошта вам гэта ведаць?» — пытаюцца ў мяне нават у адным са сталічных архіваў. То-бок яны, тыя, хто вырашае, выдаваць справы ці не, ведаюць, канешне. А мне — нінавошта.
Права чалавека на праўду — адно з самых парушаных правоў у нашым грамадстве. Думаю, што з гэтага парушэння пачынаюцца ўсе іншыя. Нават калі мы не ведаем, хто складае школьныя праграмы — мы ўжо рэпрэсаваныя змовай маўчання. Усе.