Знесены ў Менску помнік Арджанікідзэ вернуць на месца і адрэстаўруюць
Помнік бальшавіцкаму дзеячу стаяў на тэрыторыі, якая раней належала менскаму заводу вылічальных машын. 23 красавіка помнік збілі з пастаменту і вывезлі. Як высветлілася, не назаўсёды, бо знос не ўзгаднілі.
23 красавіка ў тэлеграм-канале «Сцежкі Беларусі» з'явілася навіна аб тым, што ў Менску знеслі помнік аднаму з кіраўнікоў СССР, сябру Палітбюро ЦК УКП(б) Грыгорыю Арджанікідзэ, які стаяў на тэрыторыі заводу, названага ягоным імем.
Паведамлялася, што так зрабіць распарадзіліся новыя ўладальнікі тэрыторыі колішняга прадпрыемства – забудоўшчык «Тапас».
Але 24 красавіка тэлеграм-канал «Спадчына» са спасылкай на «Тапас» паведаміў, што знос помніка і яго вываз не ўзгаднiлi з уладамі, таму помнік адновяць і вернуць на месца.
У «Тапасе» распавялі, што скульптуру адрэстаўруюць бліжэйшым часам. Яе ачысцяць ад плямаў, ліквідуюць драпіны і сколы.
«Асобныя часткі помніка будуць злучаныя ў адзіную кампазіцыю з дапамогай адмысловага клею, затым скульптуру адпаліруюць і адновяць. Рэстаўрацыйныя работы будуць праводзіцца за кошт забудоўшчыка», – растлумачылі ў кампаніі.
У 1960 годзе менскаму заводу па вытворчасці электронных вылічальных машын прысвоілі імя Арджанікідзэ, а праз некалькі гадоў на тэрыторыі прадпрыемства ўсталявалі помнік у гонар бальшавіцкага дзеяча. Аўтарам скульптуры стаў заводскі мастак Дзегцяроў, які зрабіў прыкладную копію арыгінальнай скульптуры 1937 году.
У найноўшы час тэрыторыю заводу прадалі тром прыватным інвестарам, у тым лiку знакамітаму забудоўшчыку «Тапас».
З 1920 году старшыня Каўказскага бюро ЦК і сакратар Закаўказскага крайкаму РКП(б). З 1926 старшыня ЦК ВКП(б), наркам Рабоча-сялянскай інспекцыі, намеснік старшыні СНК і Савету Працы і Абароны СССР. З 1930 году – у Палітбюро ЦК ВКП(б), а з 1932 – наркам цяжкай прамысловасці СССР.
Скончыў жыццё самагубствам. Паводле адной з найбольш распаўсюджаных версій, Арджанікідзэ не падтрымаў масавыя рэпрэсіі Сталіна, заявіўшы пра іх трагічнасць і шкоднасць для будучыні, у тым ліку з-за страты каштоўных спецыялістаў. Гэта і прывяло яго да самагубства. У наступныя гады жонка і браты Арджанікідзэ трапілі пад рэпрэсіі.