Знік доступ да партала Naviny.online. Улады пачалі блакаваць люстэркі сайтаў
Па патрабаванні Міністэрства інфармацыі ўвечары 12 красавіка правайдары пачалі блакаваць доступ да сайту Naviny.online — інтэрнэт-газеты агенцтва «БелаПАН».
Naviny.online — «люстэрка» асноўнага сайта Naviny.by,
заблакаванага Мінінфармам у канцы жніўня 2020 года, нагадвае «Свабода». Прычынай блакавання сталі
артыкулы, якія, на думку ўлад, «негатыўна характарызуюць сітуацыю ў Беларусі
пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных
органаў».
У канцы сакавіка ўлады спрасцілі працэдуру блакавання
«люстэрак» сайтаў. Цяпер Мінінфарм можа закрываць доступ да іх па меры
выяўлення.
21 жніўня 2020 году ў Беларусі заблакавалі больш як 70
сайтаў, у тым ліку сайты «Радыё Свабода», «Белсата», «Еўрарадыё», праваабарончы сайт spring96.org і іншыя рэсурсы.