«Знішчыце ў сабе раба»,— дзеячы культуры заклікалі да агульнанацыянальнага страйку

«Мы — вольныя творцы. Мы самі вырашаем свой лёс. Мы самі ствараем культуру. Бо культура — гэта мы», дзеячы культуры выступілі са зваротам, паведамляе «Свабода».

kultura_2.jpg


22 дзеячы культуры запісалі відэазварот ў падтрымку «народнага ўльтыматуму» і агульнанацыянальнага страйку, паведамляе Беларускі фонд культурнай салідарнасці.

У запісе відэа ўзялі ўдзел вядомыя творцы з самых розных сфераў: акторы, музыкі, мастакі.

Гэта народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосьцік, лідар гурту J:Морс Уладзімер Пугач, рэжысёр і актор Васіль Калач, музыка Лявон Вольскі, актор Алег Гарбуз, спявачка і тэлевядоўца Ларыса Грыбалёва, паэт Андрэй Хадановіч, дырыжор Андрэй Галанаў, мастак Міхаіл Гулін, рэжысёр і драматург Андрэй Курэйчык, оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, спявачка Руся, шоумэн і тэлевядоўца Андрэй Бонд, браты Каракіны з гурту Litesound, музыка Павал Аракелян, музыка і мастак Андрусь Такінданг, музыка і прадзюсар Сяргей Доўгушаў, ды-джэй пераменаў Кірыл Галанаў, тэлевядоўца і актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), лідар гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі, саліст Вялікага тэатру Ілля Сільчукоў, экс-міністр культуры Павал Латушка.

Усе яны па чарзе прамаўляюць заклік да беларусаў, якія прагнуць Свабоды.


«Мы — вольныя творцы. Мы самі вырашаем свой лёс. Мы самі ствараем культуру. Бо культура — гэта мы. Заклікаем нашых прыхільнікаў, гледачоў і слухачоў у Беларусі адмовіцца ад наведвання культурных устаноў. Пасядзіце дома з дзецьмі. Пачытайце кнігу. Памалюйце. Паглядзіце кіно. Паслухайце музыку. Калі працуеце ў дзяржаўнай установе — не выходзьце на працу з 26 кастрычніка. Знішчыце ў сабе раба. Знайдзіце прычыну. Захварэйце. Ніякіх карпаратываў ды іншых івентаў на замову. Выходзьце ў свой двор. Гуляйце па вуліцах свайго гораду».